Сёлета калектыў ЦРБ папоўнілі дзевятнаццаць маладых медработнікаў

Сёлета калектыў ЦРБ папоўнілі дзевятнаццаць маладых медработнікаў, прычым, амаль палова з іх – ураджэнцы нашага раёна, якія з задавальненнем вярнуліся працаваць на малую радзіму.

Пяць урачоў, чатырнаццаць сярэдніх медыцынскіх работнікаў трэці месяц прымяняюць на практыцы веды, атрыманыя падчас вучобы ва ўніверсітэтах, каледжах і пасля праходжання інтэрнатуры, каб жыхары нашага раёна маглі атрымліваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

Па словах намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Алены АРЛОЎСКАЙ, тры ўрачы агульнай практыкі пачалі сваю працоўную дзейнасць у сельскай мясцовасці. Яны працуюць у Цяхцінскай, Галоўчынскай і Запольскай урачэбных амбулаторыях урача агульнай практыкі. Урачы анестэзіёлаг-рэаніматолаг і хірург занялі працоўныя месцы ў ЦРБ. Разам з медыцынскімі работнікамі 1 жніўня на першае працоўнае месца выйшла і інжынер-метролаг.

Вялікая сям’я медыкаў ЦРБ прыязна сустрэла маладых калег і зараз дапамагае ім адаптавацца.

– Калі ім патрабуецца нейкая дапамога ад старэйшых калег, то маладыя спецыялісты ў любы час могуць звярнуцца і быць упэўненымі, што атрымаюць адказы на ўсе свае пытанні, – адзначыла Алена Анатольеўна.

Дарэчы, у ЦРБ створаны ўсе ўмовы для таго, каб рэалізаваць сябе як спецыяліста, праявіць прафесійныя якасці. Не засталася ў баку адміністрацыя і пры вырашэнні жыллёвага пытання маладых спецыялістаў. Некаторым было прадастаўлена месца ў інтэрнаце, а тым, хто вырашыў арандаваць жыллё, згодна калектыўнага дагавора, штомесяц выдаткоўваюць да чатырох базавых велічынь на яго аплату.

Анастасія МЕЛЬНІКАВА – маладая мініяцюрная дзяўчына. Сустрэўшы яе на вуліцы ні ў каго не было б і думкі, што яна змагаецца за жыццё складаных хворых. Спецыялізацыю Анастасія выбрала для сябе адказную – урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг. У аддзяленні, дзе яна працуе, выпадковых супрацоўнікаў не бывае. Часам у рэаніматолага застаецца ўсяго некалькі хвілін, каб прыняць дакладнае рашэнне і выратаваць чалавечае жыццё. Прафесія сур’ёзная, адказная і патрабуе моцнага характару, якім лёс Анастасію не абдзяліў. Яна даўно паставіла перад сабой мэту стаць урачом і ўпэўнена ішла да яе дасягнення.

мельникова

– Я вырасла ў сценах бальніцы, маці працуе медсястрой, – расказала Анастасія Мельнікава. – З дзяцінства захаплялася працай людзей у белых халатах. Пры выбары прафесіі іншых варыянтаў не было. Даўно вырашыла, што буду доктарам.

Паспяховы вынік лячэння пацыента залежыць ад хуткасці прынятых урачом рашэнняў і яго прафесіяналізму. На пытанне журналіста, як удаецца справіцца з хваляваннем у экстраных сітуацыях, маладая ўрач адказвае проста:

– Мне нельга хвалявацца! Сярэдні медперсанал бачыць мае дзеянні і востра адчувае напружанне. А гэта ў нашай працы недапушчальна, бо так не зможам выканаць сваю галоўную місію – дапамагчы хвораму.

Знайшоў сябе ў медыцыне і хірург Міхаіл ПЕТРАЧЭНКА. Гэта не дзіўна, бо шмат яго сваякоў – урачы з вялікім стажам.

Па словах маладога хірурга, слухаць іх урачэбныя гісторыі было любімым заняткам у дзяцінстве. Тады ён і прыгледзеўся да гэтай запатрабаванай прафесіі. А вось хірургія стала цікавіць Міхаіла з першага курса навучання ў Віцебскім медыцынскім універсітэце.

– Падчас вучобы хірургія была для мяне самай цікавай галіной медыцыны, – расказаў Міхаіл Петрачэнка. – З задавальненнем яе вывучаў.

За час праходжання інтэрнатуры і першага месяца працы Міхаіл прымаў удзел у розных аперацыях. Акрамя гэтага, ён вядзе прыём пацыентаў у паліклініцы.

– Адразу, вядома ж, было цяжка, – прызнаўся доктар, – але дзякуючы дружнаму калектыву, які добра сустрэў і прыняў, атрымалася пераадолець усе цяжкасці. У верасні быў адзіным хірургам, які вёў прыём у паліклініцы, таму нагрузку адчуў. Але я спраўляюся і мяне гэта вельмі радуе.

Разам з Міхаілам у кабінеце хірурга першае працоўнае месца заняла і медсястра Даяна СІМАНОЎСКАЯ. Пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага каледжа яна вярнулася працаваць у родны раён. Падчас гутаркі адзначыла, што прафесію выбірала такую, каб можна было прыносіць карысць людзям.

хирург

Такім жа прынцыпам кіраваліся і ўчастковыя медсёстры Кацярына КАЗЛОВА і Юлія СЮНЯГІНА, якія таксама трэці месяц працуюць у ЦРБ.

медсестр

– Нашы маладыя спецыялісты за час працы паспелі праявіць сябе са станоўчага боку, – адзначыла Алена Арлоўская. – Усе яны адказныя і старанныя, а галоўнае, што іх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *