Прафесія для душэўных людзей

“Зара над Друццю” часта распавядае жыхарам раёна аб людзях, ад якіх у значнай ступені залежыць поспех падпісной кампаніі, – паштальёнах. Валянціна ЖЭМКОВА прысвяціла гэтай справе амаль 25 гадоў свайго жыцця.

почтальон

Дзяцінства яе прайшло ў вёсцы Заполле. Пасля заканчэння бібліятэчнага каледжа працавала па размеркаванні ў Мінскай вобласці. Але адведзены час так і не давялося адпрацаваць: выйшла замуж за аднавяскоўца, таму прыйшлося вяртацца на радзіму. Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку Валянціна Мікалаеўна змяніла некалькі работ. І пасля гэтага нарэшце ўладкавалася працаваць паштальёнам у роднай вёсцы.

– Тады я абслугоўвала большую чым зараз тэрыторыю – некалькі навакольных вёсак, – успамінае Валянціна Жэмкова. – І ў жару, і ў сцюжу, і праз вялізныя гурбы снегу прыходзілася дастаўляць людзям карэспандэнцыю, газеты і часопісы. У асабліва цяжкія моманты і дрэннае надвор’е нават сляза магла пакаціцца… Але праблемы адыходзяць на другі план, калі сапраўды любіш сваю працу. Для мяне гэта не проста прафесія: яна насычае энергіяй, падбадзёрвае, дае магчымасць пагутарыць з аднавяскоўцамі, падзяліцца добрым настроем.

Валянціна Мікалаеўна заўсёды рэкламуе мясцовым жыхарам родную раёнку. Дый іх і падштурхоўваць не трэба. Немагчыма заставацца ў кантэксце сучаснасці, калі не ведаеш падзей, што адбываюцца на тваёй роднай зямлі. А пачытаць аб самым цікавым і важным у жыцці раёна можна толькі ў “Зары над Друццю”.

– Кожны раз, калі людзі адмаўляюцца выпісваць раёнку, шкадуючы грошы, здзіўляюся да глыбіні душы, – распавядае Валянціна Мікалаеўна. – Навіны ж імі не вымяраюцца. Да таго ж, і кошт газеты невялікі. Мы, паштальёны, заўсёды выпісвалі сабе газеты, цікавыя часопісы, але ў першую чаргу – райгазету. Звычка гэта засталася ў мяне да гэтага часу: кожны нумар чакаю з нецярпеннем.

У Валянціны Жэмковай на ўсё хапае часу: з мужам даглядаюць агарод, хатнюю гаспадарку, а гэта, дарэчы, шэсць катоў, сабачка і свінні, бавіць час з маленькім унукам, любіць парадаваць блізкіх смачнымі пачастункамі, якія сама і гатуе. А наконт таго, што прывабнае і значнае яна знаходзіць у сваёй прафесіі, кажа наступнае:

– Кожную раніцу, збіраючыся на працу, ведаю, што людзі чакаюць майго прыходу да іх. Хтосьці, каб атрымаць пенсію ці пошту, а некаторыя – паразмаўляць, падзяліцца сваімі навінамі, перажываннямі. І хоць даводзіцца прайсці пяшком ці праехаць на веласіпедзе не адзін кіламетр, пасля працоўнага дня адчуваю не стомленасць, а задавальненне ад таго, што раблю для людзей штосьці сапраўды патрэбнае і важнае.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *