Плантацыя жэньшэню, якая пасаджана ў ААТ “Новая Друць”, хутка дасць першы ўраджай

Плантацыя жэньшэню, якая пасаджана ў ААТ “Новая Друць”, хутка дасць першы ўраджай. Пакуль жа ў таварыстве плануюць выкапаць яго пробную партыю.

Лекавыя якасці гэтай расліны былі вядомы яшчэ ў старажытным Кітаі. Менавіта там яе пачалі выкарыстоўваць як сыравіну для вырабу танізуючага прэпарата, які працягвае жыццё і маладосць, павышае здольнасць арганізма супраціўляцца шкоднаму ўздзеянню навакольнага асяроддзя. Таму можна сказаць, што жэньшэнь – сапраўдны скарб для здароўя.

У ААТ “Новая Друць” гэту карысную расліну пачалі вырошчваць у спецыяльна пабудаванай цяпліцы некалькі гадоў таму.

– Каб пробная партыя прайшла сертыфікацыю ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, трэба выкапаць 5 кілаграмаў каранёў, – распавёў дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ. – Наогул, плошча пасаджанага жэньшэню складае 0,3 га. У наступным годзе мы плануем сабраць першы ўраджай расліны: па нашых разліках, ён складзе каля 40 кілаграмаў высушанага кораня. Рэалізоўваць яго будзем у дзвюх галінах вытворчасці: фармацэўтычнай і прамысловай.

Як распавёў журналісту райгазеты работнік жэньшэневай плантацыі  Уладзімір КАПЫЛОЎ, які даглядае градкі на працягу вось ужо шасці гадоў, справа гэтая не такая ўжо затратная і клопатная. Безумоўна, расліна патрабуе да сябе ўвагі, захавання камфортных кліматычных умоў, да таго ж, першы ўраджай яе можна атрымаць не раней як праз пяць-шэсць гадоў пасля пасадкі насення. Але пры жаданні пасяўныя плошчы ў будучым магчыма будзе пашырыць: раней насенне куплялі, а цяпер яго можна сабраць непасрэдна з раслін. Па словах Анатоля Драздова, рэнтабельнасць кораня жэньшэню пры сярэднім сусветным кошце на яго складзе каля 70 %.

ж5

Сушыць выкапаныя карані плануюць ва ўніверсальных вытворчых сушыльных камерах, якімі ў гаспадарцы карыстаюцца не першы год. Сезон жа збору ўраджаю пачынаецца напрыканцы верасня у пачатку кастрычніка. Зялёныя верхавіны павінны пажаўцець і апасці – гэта значыць, час надышоў, карані гатовыя да таго, каб быць вынятымі з зямлі.

ж1

– Ураджайнасць розных культур кожны год змяняецца ў залежнасці ад кліматычных умоў. Таму вырошчванне такой расліны як жэньшэнь, улічваючы значны попыт на яго на рынку, а таксама зацікаўленасць сыравінай за мяжой, з`яўляецца перспектыўным накірункам, – дадаў Анатоль Уладзіміравіч.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *