Жыхар вёскі Малы Кудзін Уладзімір ЛУК’ЯНАЎ адным з першых у нашым раёне скарыстаўся магчымасцямі, прадастаўленымі Указам № 337

Пасля прыняцця Указа № 337 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці фізічных асоб” пашырыўся спіс паслуг, якія могуць аказваць грамадзяне без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў.

лук1

Нормы гэтага ўказа палепшылі бізнес-сітуацыю ў маленькіх гарадах і на сяле, прадаставіўшы многім магчымасць зарабіць грошы без афармлення вялікай колькасці дакументаў. Ад грамадзяніна патрабуецца толькі аплаціць адзіны падатак за той перыяд часу, калі ён будзе займацца такой дзейнасцю.

Жыхар вёскі Малы Кудзін Уладзімір ЛУК’ЯНАЎ адным з першых у нашым раёне скарыстаўся магчымасцямі, прадастаўленымі Указам № 337, і аб выгадах яго распавёў карэспандэнту райгазеты “Зара над Друццю”.

Уладзімір Віктаравіч шмат гадоў працаваў загадчыкам вытворчасці ААТ “Могилевские семена трав”, а некалькі гадоў таму пачаў аказваць насельніцтву паслугі па размоле зерня.

– Спачатку аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік, – распавядае Уладзімір Лук’янаў. – Была магчымасць арэндаваць памяшканне для млына, дый паслуга па размоле зерня была запатрабаваная. Нядаўна выйшаў на пенсію і перанёс свой занятак на дом. Заказаў стала нашмат менш, дый гэта, можна сказаць, павевы часу: многія сталі адмаўляцца ад падсобнай гаспадаркі. Таму звярнуў увагу на дзеючае заканадаўства, у прыватнасці, што датычылася млынарства. Умовы, якія прадугледжвае Указ № 337, мяне зацікавілі: цяпер маю неблагую падпрацоўку і не трэба афармляць розныя паперы.

Уладзімір Віктаравіч стараецца працаваць па выхадных ці па дамоўленасці, каб людзям было зручна. За ўвесь час, адзначае, ніхто не скардзіўся на якасць аказаных паслуг, з’явіліся і пастаянныя кліенты. Жартуе, што так і не адчуў сябе пенсіянерам: кожны дзень напоўнены клопатамі.

Менавіта на пенсіі з’явілася больш часу для хобі – тэхнічнай творчасці. Напрыклад, ён дапрацаваў свой млын, зрабіў яго больш эканамічным у спажыванні электраэнергіі, змайстраваў у памяшканні, дзе знаходзіцца агрэгат, вентыляцыю. Акрамя таго, “прыклаў руку” да матаблока: паставіў яго на 4 колы, давёў да ладу навясное абсталяванне. Але на гэтым не спыніўся. Апошняя тэхнічная навінка Уладзіміра Віктаравіча – прылада для пераборкі бульбы. І таксама – электрычная!

лук 2

– Вельмі сябрую з інтэрнэтам, а там чаго толькі няма, – усміхаецца вынаходнік. – Машына для пераборкі бульбы, напрыклад, збіралася з металалому і падручных сродкаў. А эфект ад яе – відавочны: за некалькі гадзін выканала амаль тыднёвы аб’ём працы.

 Яшчэ адно захапленне дбайнага гаспадара – садоўніцтва. Гэты занятак толькі на першы погляд здаецца простым, а на самой справе патрабуе не менш увагі, чым тэхніка. На сваім участку Уладзімір Віктаравіч вырошчвае яблыкі, грушы, слівы, шыпшыну, глог, лімоннік кітайскі і яшчэ шмат карысных раслін. І яны кожны год дзякуюць багатым ураджаем.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *