Пажылым – асаблівая ўвага

У рамках акцыі МНС “За бяспеку разам”, якая праходзіць у нашай краіне, інспектар ГПіУГ РАНС Кацярына ЛЮБІВАЯ днямі завітала да пенсіянераў, інвалідаў, адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян.

кривица

Нягледзячы на тое, што восеньскія дзянькі радавалі нас цёплым надвор’ем, ноччу тэмпература паветра ўсё роўна зніжаецца – восень бярэ сваё. Таму жыхарам прыватных домаўладанняў, у якіх актыўна эксплуатуюцца печы і грубкі, пажарныя настойліва рэкамендавалі ўважліва іх агледзець і падрыхтаваць да асенне-зімовага перыяду.

Катэгорыі пажылых грамадзян, якіх наведала Кацярына Любівая, трэба надаваць асаблівую ўвагу. Не ўсе яны ў стане ліквідаваць недахопы і як след падрыхтаваць да ацяпляльнага сезона крыніцы цяпла. Камусьці дапамагаюць дзеці, некаторым – работнікі сацыяльнай службы. У сувязі з гэтым візіт інспектара ў такія дамы быў неабходны, каб пераканацца – іх гаспадары знаходзяцца ў бяспецы.

Пенсіянерка Ганна НЕМАГАЙ пражывае адна. Перыядычна дапамагае з хатнімі клопатамі сын. У доме цёпла і ўтульна. Печ абкладзена пліткай, прытопачны ліст патрэбных памераў прыбіты да падлогі. А вось зверху дзверцаў печы Кацярына Любівая заўважыла недахоп – некалькі плітак там адсутнічаюць, а гліна, якой замазана расколіна, ледзь трымаецца.

проблема

– Тапіць печ у такім стане небяспечна, – падкрэсліла інспектар. – Трэба тэрмінова ліквідаваць парушэнне.

Гаспадыня патлумачыла, што ў тым месцы таксама была плітка, але ад высокай тэмпературы пры паленні яна адвалілася. Падмазвання глінай хапае на адзін ацяпляльны сезон, таму што яна высыхае, трэскаецца і адвальваецца.

Вось і цяпер з дня на дзень гэта можа здарыцца, таму Кацярына Любівая папрасіла сына Ганны Андрэеўны, які якраз быў у гасцях, за тры дні ліквідаваць парушэнне і абяцала прыйсці з паўторнай праверкай.

Падчас агляду выявілася яшчэ, што ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку, які маецца ў пенсіянеркі, адсутнічае батарэйка. Гаспадыня паабяцала інспектару, што яна абавязкова купіць элемент сілкавання і АПА будзе ў працоўным стане.

Праз такое ж парушэнне прайшла Соф’я КРЫВІЦА, якую таксама наведала інспектар РАНС. Пенсіянерка расказала, што некалькі гадоў таму за непрацоўны стан апавяшчальніка заплаціла штраф, таму зараз сочыць за яго спраўнасцю і элемент сілкавання мяняе ў належны тэрмін.

– Як толькі АПА пачынае выдаваць кароткія гудкі, ведаю, што пара замяніць “крону”, – расказала Соф’я Трафімаўна. – Адзін раз штраф ужо атрымала – хопіць. Тым больш, што кошт батарэйкі і сума штрафу адрозніваюцца значна.

У Марыі ШАБУСАВАЙ з апавяшчальнікам таксама ўсё ў парадку. У яе доме – газавае ацяпленне, электрычная праводка пракладзена ў спецыяльным корабе.

– Усё дзеля ўласнай бяспекі, – адзначыла Марыя Аляксееўна. – Заўсёды сочым за тым, каб і электраабсталяванне, і ацяпленне, і АПА былі ў парадку, бо робім гэта не для кагосьці, а для сябе. Што можа быць даражэй за здароўе і жыццё?!

Інспектар РАНС яшчэ раз нагадала гаспадарам домаўладанняў асноўныя правілы пажарнай бяспекі, заклікала быць уважлівымі і акуратнымі пры пячным ацяпленні, карыстанні электрапрыборамі і газам.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *