Зявяршылася ўборка яблыкаў і груш у СВК “Калгас “Радзіма”

Зявяршылася ўборка яблыкаў і груш у СВК “Калгас “Радзіма”. Пладасховішча гаспадаркі амаль пад завязку запоўнена новым ураджаем.

– Агульны ўраджай у нашым садзе сёлета склаў каля 2000 тон, – распавядае аграном-плодагароднінавод Мікіта БАЛАХОНЦАЎ. – У параўнанні з папярэднім годам гэта даволі высокі паказчык. Надвор’е на працягу года было вельмі спрыяльнае, таксама працаўнікі садаводчай брыгады пастараліся, таму і ўраджай атрымаўся добры.

яб6

На ўборцы працавалі як работнікі сельгаспрадпрыемства і школьнікі, так і ўсе жадаючыя. Прыязджалі нават з Магілёва. Для людзей гэта, дарэчы, добрая магчымасць падзарабіць грошай. Працоўны дзень пачынаўся а восьмай і заканчваўся ў сямнаццаць гадзін з перапынкам на абед.

яб7

Надвор’е ў дні, за якія знялі апошнія яблычкі і грушы, стаяла вельмі сонечнае і цёплае, таму людзі працавалі з пазітыўным настроем. Для збору ўраджаю з найболей высокіх дрэў выкарыстоўвалі не толькі драбінкі, але і аўтамашыну з пад’ёмнай устаноўкай для збору пладоў, якая дазваляе дабрацца да самых верхавін дрэў, што вельмі зручна.

яб1

– У сярэднім нашы яблыкі прайшлі 8 фунгіцыдных і 4 інсектыцыдныя апрацоўкі, – адзначае Мікіта Балахонцаў. – Якасць ураджаю, спадзяемся, парадуе нашых спажыўцоў. З саду сакавітыя яблыкі і грушы адпраўляюцца на пладасховішча СВК “Калгас “Радзіма”. Потым – на рэалізацыю ў навучальныя ўстановы і магазіны.

Сельгаспрадпрыемства прапануе спажыўцам некалькі гатункаў яблыкаў: “Алеся”, “Беларускае салодкае”, “Імант” і іншыя. Грушы вырошчваюць гатунку “Беларуская позняя”. Пры належных умовах захавання, якія створаны ў СВК “Калгас “Радзіма”, ураджай стане сапраўднай крыніцай вітамінаў і неабходных для здароўя і імунітэту мікраэлементаў у зімні перыяд.

яб5

Запасціся садавінай пры сёлетнім ураджаі будзе зусім нескладана: Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь прынята пастанова ад 8 кастрычніка 2018 г. №77 “Аб унясенні змяненняў у пастанову Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 2017 года №28”. Згодна з ёй у два разы павялічана колькасць найменняў свежых беларускіх яблыкаў у магазінах, што значна пашырае магчымасці выбару пакупнікамі ачыннай садавіны.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *