Дарога патрабуе ўважлівасці
Няўважлівасць вадзіцеляў да стану сваіх транспартных сродкаў і дарожнай абстаноўкі, а таксама залішняя самаўпэўненасць прыводзяць да не зусім прыемных наступстваў.
12 кастрычніка жыхар Дрыбінскага раёна ехаў па аўтадарозе “Мінск-Магілёў”. Стомлены вадзіцель заснуў і сутыкнуўся з транспартным сродкам, які рухаўся ў спадарожным накірунку. Абодва аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.
Раніцай 14 кастрычніка аварыя адбылася на аўтадарозе “Талачын-Круглае-Вішоў”. Вадзіцель “Форда Гэлаксі” абганяў грузавік і сутыкнуўся з аўтамабілем “Фальксваген Пасат”, які рухаўся насустрач.
У выніку ДТЗ “Форд” з’ехаў у кювет і перакуліўся. 26-гадовы пасажыр аўто атрымаў шматлікія траўмы і быў шпіталізаваны. Варта дадаць, што бачнасць аўтадарогі ў той дзень была абмежавана моцным туманам. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.
Максім КУНДАЛЕЎ,
начальнік АДАІ РАУС.