Дорыць дзецям свята

кристинаУжо некалькі месяцаў для маленькіх бялынічан можна заказаць на свята паслугі аніматара. Займаецца гэтай новай і цікавай справай Крысціна АРЛОВА. За кароткі час яна не толькі прыняла свае першыя заказы на правядзенне дзіцячых святаў, але і пераканалася ў тым, што нездарма вырашыла адкрыць сваю справу.

Крысціна з дзяцінства расла вельмі актыўнай. Падчас вучобы ў школе, а затым – у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, заўсёды была арганізатарам і ўдзельнікам розных мерапрыемстваў. Вялікі вопыт зносін з дзецьмі атрымала і падчас працы ў раённым Цэнтры культуры.

– З дзеткамі працаваць вельмі весела і цікава, – адзначыла Крысціна. – Гэта аўдыторыя, якая заўсёды ў добрым настроі, гатовая на любыя подзвігі і здзяйсненні. І ў мяне была мара арганізоўваць для іх святы, рабіць нешта такое, каб запаміналася дзецям надоўга.

Пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2017 г. № 337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”, які пашырыў пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, і тым самым дакументальна спрасціў адкрыццё сваёй справы, Крысціна зразумела, што яе мару стала лягчэй увасобіць у рэальнасць.

Так яна пачала працаваць дзіцячым аніматарам. За тры месяцы правяла ўжо больш за дзесяць дзіцячых святаў.

карамелька

 

– У асноўным гэта дні нараджэння, – расказала яна. – Спярша, калі яшчэ практычна ніхто не ведаў пра новую паслугу, заказаў было няшмат. Але, паколькі горад у нас невялікі, інфармацыя пра маю дзейнасць распаўсюдзілася хутка. Літаральна праз месяц дзіцячы аніматар стаў вельмі папулярным сюрпрызам для дзяцей на святы.

Пры выбары касцюмаў Крысціна спынілася на самых любімых мульцяшных героях сярод дзіцячай аўдыторыі, бо як прыемна, калі на свята прыходзіць той, каго ты раней бачыў толькі ў мультфільмах. На дадзены момант у аніматара тры касцюмы: Міньён, Міні Маўс і Карамелька. На гэтым яна не спыняецца. Ужо цяпер ёсць некалькі задумак, якія ў хуткім часе ўвасобіць у жыццё.

– Адна з іх – набыццё касцюмаў Дзеда Мароза і Снягуркі надыходзячага Новага года, – падзялілася планамі Крысціна.

На сённяшні дзень яна задаволеная тым, што мае магчымасць дарыць дзецям свята.

– Што можа быць прыемней, чым бачыць радасць у дзіцячых вочках?! – падкрэсліла аніматар. – Іх усмешкі і вясёлы настрой, якія з’яўляюцца падчас свята, непараўнальныя ні з чым.

Дарэчы, сцэнарый да кожнага свята Крысціна складае індывідуальна. Загадзя агаворвае з бацькамі, якія гульні правесці з іх дзецьмі, выслухоўвае просьбы, цікавіцца інтарэсамі сыночка ці дачушкі, таму кожнае свята аніматара асаблівае і непаўторнае.

– Я рада, што маю магчымасць кожны раз прыдумваць нешта новае, – адзначыла Крысціна. – Не люблю аднастайнасць і стараюся прытрымлівацца гэтага ў сваёй працы. Тады яна прыносіць мне сапраўднае задавальненне.

Пагутарыўшы з дзіцячым аніматарам разумееш, што на працу яна прыходзіць, як на свята. У прамым і пераносным сэнсах.

Марыя ШУТ.

                     Фота аўтара

                     і з асабістага архіва  

                     Крысціны Арловай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *