З 8 па 21 кастрычніка праваахоўнікі склалі 48 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 8 па 21 кастрычніка праваахоўнікі склалі 48 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 27, дробнае хуліганства – 7, сямейны скандал – 15.

Падняцца немагчыма. Цёплыя восеньскія дні ў прамым і пераносным сэнсе прымусілі людзей легчы на зямлю. 17 кастрычніка ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што на аўтадарозе каля в. Прыбар ляжыць мужчына. 21 кастрычніка жыхарка Ермалавічаў патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што каля яе прысядзібнага ўчастка таксама ляжыць чалавек. У той жа дзень праваахоўнікі паднялі з зямлі мужчыну ў аг. Свяцілавічы. Усе “адпачывальнікі” атрымалі адміністрацыйныя пратаколы.

Несапраўдныя грошы. Жыхарка аг. Галоўчын патэлефанавала праваахоўнікам і паведаміла, што суседка разлічылася з ёй фальшывай валютай. Праверку праводзіць СК.

Факт быў! Супрацоўнікі РАУС выявілі факт захоўвання 20 літраў самагоннай брагі ў жыхаркі аг. Свяцілавічы. Праверку праводзіць ААПП.

Ледзь дом не згарэў. Жыхар Гняздзіна патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паведаміў, што выявіў узгаранне падлогі ў нежылым доме, якое самастойна патушыў. Прычына пажару ўстаноўлена.

Вырасціла крывінку… Бялынічанка паскардзілася праваахоўнікам на дачку, якая паскандаліла з ёй, зламала тэлефон і ўдарыла маці па твары.

Яблычкаў захацелася. Жыхар Цяхціна ў стане алкагольнага ап’янення зайшоў на тэрыторыю саду ААТ “Новая Друць” і скраў паўтара кілаграмы яблыкаў. А потым патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся, што ахоўнікі саду хацелі яго пабіць.

Чыя неахайнасць? Бялынічанін патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што на праезнай частцы аўтадарогі паблізу Мокравічаў раскіданы дровы і перашкаджаюць руху транспарту. АДАІ РАУС праводзіцца праверка.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *