Старанні прыводзяць да вялікіх поспехаў

Новым героем творчага праекта стала дзевяцігадовая Юлія НІЗАЎЦОВА. Дзяўчынка зацікавіла тым, што ў такім маленькім узросце яе тыдзень распісаны літаральна па хвілінах.

куропат

Сустрэча журналіста райгазеты з вундэркіндам адбылася ў школе. Па раскладзе ў 4 “А” класе СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага была матэматыка. Вучаніца, якая рашала задачу, разгубілася і не магла знайсці правільнага рашэння. Аднакласнікі сталі ёй дапамагаць, але і агульнымі намаганнямі да правільнага адказу рабяты не прыйшлі. Тады класны кіраўнік Ірына КУРАПАТА спытала Юлю. Дзяўчынка імгненна дала правільны адказ.

однокл

З выгляду Юля – звычайнае дзіця, якое нічым не адрозніваецца ад сваіх аднагодкаў. Але, пагутарыўшы з ёй, стварылася ўражанне, што гэта зусім не дзевяцігадовая вучаніца. Яна вельмі ветлівая, акуратная ў сваіх дзеяннях. Пакуль не ўзважыць у сваіх думках усе “за” і “супраць”, адказ на пытанне не дасць. Аб гэтай рысе характару пазней расказала і Ірына Курапата:

– Калі параўноўваю, якой Юля прыйшла да мяне ў першы клас, і якой стала цяпер, разумею – гэта два розныя чалавечкі. Яна падрасла літаральна на вачах. На ўроках ніколі не выкрыквае адказ, пакуль яе не выклічаш. Калі да канца не ўпэўненая ў правільнасці сваіх думак, то ніколі не стане агучваць іх.

Ірына Васільеўна ўспамінала і першую сустрэчу з Юляй, якая адбылася задоўга да прыходу дзяўчынкі ў першы клас. Наведваючы старшую групу дзіцячага садзіка, Юля цэлы год хадзіла ў суботнюю школу, якая дзейнічала пры СШ № 1. Як правіла, у школе выхаднога дня з дзеткамі працуюць тыя настаўнікі, якія ў будучым годзе набіраюць першакласнікаў. І ў той год, калі яе наведвала Юля, вочы дзяўчынкі і яе будучага класнага кіраўніка часта сустракаліся.

– Яна запомнілася мне з самай першай нашай сустрэчы, – успамінае Ірына Курапата. – Такая старанная, добрасумленная. А якія добрыя вочы! Не ўяўляеце, як я хацела, каб яна стала менавіта маёй вучаніцай. Калі ў канцы жніўня чатыры гады таму ўбачыла яе прозвішча ў спісе свайго будучага класа –вельмі абрадавалася.

Пазней настаўніца даведалася ад маці Юлі, Святланы Мікалаеўны, што дачка марыла бачыць сваім першым педагогам менавіта яе.

– Ірына Васільеўна вельмі добрая, – характарызуе Юля свайго класнага кіраўніка. – Заўсёды дапамагае спраўляцца з усімі цяжкасцямі, радуецца маім перамогам, падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях.

Па словах Ірыны Курапаты, з засваеннем новага матэрыялу ў Юлі ніякіх праблем няма. Яна з радасцю ішла ў першы клас, таму што было вялікае імкненне да вучобы.

– На ўроках яна вельмі актыўная, – адзначае настаўніца. – Цяжка выдзеліць які-небудзь адзін прадмет, у якім яна мацнейшая, таму што Юля мае поспех абсалютна ў кожным. Ведаю, што гэта вучаніца адкажа на любое маё пытанне. Люблю назіраць за яе работай на ўроках. Часам хапае аднаго погляду гэтага дзіця, каб жыццё зайграла яркімі фарбамі. Калі па нейкай прычыне яна адсутнічае, мне яе вельмі не хапае.

У сваім маленькім узросце Юля не аднойчы дабівалася перамог у розных конкурсах і алімпіядах, у якіх прымае актыўны ўдзел. Прычым, усе яны па розных вучэбных прадметах. Але сама вучаніца больш за ўсё радуецца перамогам у анлайн-конкурсе па англійскай мове Olimpis.ru.

– У гэтым конкурсе ўдзельнічаю некалькі гадоў і кожны год займаю першае месца, – распавяла Юля. – Мне падабаецца вывучаць англійскую мову і такія поспехі мяне толькі падбадзёрваюць.

Як адзначыла Ірына Курапата, выдатных вынікаў Юля дабіваецца дзякуючы ўласным намаганням і прыкладнаму выхаванню.

– У яе вельмі добрыя бацькі, – падкрэсліла яна. – Заўсёды ўважлівыя да дачкі. Пастаянна цікавяцца яе школьным жыццём, паводзінамі. Думаю, дзякуючы такім шчырым адносінам у сям’і дзяўчынка адчувае ўпэўненасць у сабе, а для дзіця гэта самае галоўнае. Бо тое, што яны бачаць дома, потым паказваюць у школе. Юля прыветлівая і добрая ў адносінах да аднакласнікаў, а да малодшых – вельмі клапатлівая. Яна лёгка знаходзіць агульную мову з чалавекам любога ўзросту. Любіць выслухаць і расказаць пра сябе.

А расказаць якраз ёсць пра што. Пасля школы кожны дзень з панядзелка па пятніцу ў яе распісаны. Дзяўчынка наведвае танцавальны гурток, ходзіць на заняткі па фартэпіяна, а ў гэтым годзе запісалася яшчэ і ў гурток юнага кінолага ў МЦ “Ветразь”.

– У чэрвені ў нас з’явіўся новы член сям’і – сабачка Каспер, – распавяла Юля. – Мы з брацікам Мішам любім з ім гуляць. Паколькі выхаванец пародзісты, мы з бацькамі вырашылі, што я павінна запісацца ў гурток кінолага, каб навучыць сабачку розным камандам. І вось амаль месяц мы з Касперам ходзім на заняткі.

Дзяўчынка падзялілася першымі поспехамі чатырохлапага сябра:

– Ён разумее ўжо некалькі каманд. Напрыклад, “да мяне”, “сядзець”, навучыўся пераадольваць перашкоды, скакаць пад каманду.

З такім насычаным графікам сумаваць Юлі не даводзіцца, але і стомленасці яна не адчувае. Наадварот, ёй падабаецца, што час праходзіць з карысцю. У выхадныя дні любіць чытаць, маляваць. Цяпер мама вучыць дачку шыць на швейнай машынцы, а бабуля Лідзія – вязаць. І, дарэчы, навучанне праходзіць з карысцю: у Юлі ўжо ёсць некалькі сваіх вырабаў.

З выбарам будучай прафесіі Юля яшчэ не вызначылася. Але, дзякуючы таму, што ў такім узросце ў яе столькі навыкаў і ўменняў, любая праца будзе ёй па плячы.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *