Каб не страціць…

Праходзяць гады, дзесяцігоддзі, адны пакаленні змяняюцца другімі, становяцца іншымі ўмовы жыцця, светапогляд, жыццёвы ўклад.

Літаральна за жыццё аднаго пакалення пусцеюць калісьці мнагалюдныя вёскі, вуліцы якіх былі забудаваныя сотняй, а, мо, і больш падвор’яў з дамамі, гаспадарчымі пабудовамі, дагледжанымі прысядзібнымі ўчасткамі, дзе кожная сям’я, за рэдкім выключэннем, трымала карову і шмат іншай жыўнасці.

На жаль, будучым пакаленням не давядзецца ўжо пачуць, якой цудоўнай, дзівоснай сімфоніяй суправаджалася жыццё вёсак з ранку і да позняй ночы. Яны не адчуюць і не зразумеюць гэтай страты. На жаль…

Не давядзецца ім убачыць прыгажосці летняга ранку, калі росы дыяментамі зіхацяць пад промнямі сонца на лузе. Не будуць іх дзеці з маленства ведаць назвы лясных раслін, не навучацца любіць і шкадаваць жывёлу на ўласным бацькоўскім падворку. Не спазнаюць яны асалоду сумеснай з бацькамі працы на ўласных “сотках”. Не будуць адрозніваць птушыных спеваў, гойсаць на конях, адпачываць з сябрамі ў начным каля пылаючага вогнішча, цэлымі днямі запар не вылазіць з рачной вады. Не зведаюць задавальнення ад стомленасці на свежым паветры, не адчуюць водару квітнеючых лугоў і палеткаў, ворнай зямлі пад плугам, падвяленага сена на пракосах.

На месцы невялічкіх вёсачак застануцца сіратлівыя пустэчы, а вялікія сёлы пазбавяцца сваёй непаўторнасці, анямеюць і апусцеюць, толькі дзе-нідзе будзе чутны крык пеўня ці сабачы брэх.

Сама зямля перастае быць такой каштоўнасцю, калі кожны кавалачак яе руплівыя гаспадары стараліся даводзіць да ладу, а суседзі на межах спраўлялі сваркі, якія даходзілі нават да боек, калі, крый Божа,  плугам закрануць лішку мяжы. Успамінаю адну такую гісторыю, калі суседкі, учапіўшыся адна адной у валасы, спраўлялі на пацеху аднавяскоўцам такое прадстаўленне з праклёнамі і пагрозамі, што куды там сённяшнім спаборніцтвам па баях без правілаў. Так, было і такое…

Зараз не толькі тая мяжа, але нават сядзіба ў вёсцы не кожнаму патрэбна. Людзі адцураліся цяжкай працы на зямлі – няма дурняў. У лепшым выпадку на месцы паўнацэнных вясковых падвор’яў застануцца лецішчы, а большасць вёсак у іх традыцыйным выглядзе проста знікне.

Будуць яшчэ нашчадкі пакінутых хат раз ці два на год наведваць мясцовыя могілкі, ды ягаднікі і грыбнікі пройдуць па апусцелых мясцінах. Вось і ўсё.

Яшчэ адна страта непазбежна чакае будучыя пакаленні.

Знікне назаўсёды вясковая суседская абшчына, якая фарміравалася стагоддзямі, дзе ўсе ведалі адзін аднаго ад маленства і да скону, дзе разам спраўлялі вяселлі, радзіны, суправаджалі ў апошні шлях, дзе кожны ведаў хто чым жыве, без умоў і лішніх пытанняў прыходзілі на дапамогу.

Ну што ж, з гэтым давядзецца змірыцца.

На самай справе сённяшнее жыццё падаецца больш лёгкім: не патрэбна напружваць цела ідучы за плугам, праяўляць спрыт з касой на пакосе і шмат яшчэ чаго.

Сучасны тэхнічны прагрэс зрабіў сённяшняе жыццё цудоўным і цікавым. Можна не толькі праз інтэрнэт, але і на ўласныя вочы пабачыць далёкія экзатычныя краіны. Было б толькі жаданне і грошы.

Але ці сталі людзі сёння больш шчаслівымі? На гэта пытанне адказаць не магчыма, ды і кожны шчасце разумее па свойму. Аднаго толькі шкада, што развітаўшыся з тымі цяжкасцямі і нязручнасцямі, якія суправаджалі наша мінулае, мы вымушаны былі страціць і штосці каштоўнае, што прымушае балець сэрца ад шкадавання. Гэтым болем даводзіцца разлічвацца за сённяшняе, больш лёгкае жыццё.

Але ж, пакуль ёсць магчымасць, патрэбна прыкладаць усе намаганні, каб зберагчы хоць рэшткі таго аўтэнтычнага ўкладу жыцця праз стварэнне аграсядзіб, музеяў, моцных уласных гаспадарак, якія будуць сапраўды цікавіць не толькі замежных турыстаў, але і нашых будучых нашчадкаў.

Генадзь ЛАПО.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *