Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прыём грамадзян па іх асабістых пытаннях у Вішоўскім сельвыканкаме

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прыём грамадзян па іх асабістых пытаннях у Вішоўскім сельвыканкаме.

Безимени-1

На прыём да дэпутата запісаліся 2 чалавекі.

Жыхарка аграгарадка Вішоў Вольга ТАЛКАЧОВА больш за 2 гады шукае працу. У 2015 годзе яна захварэла, перанесла складаную аперацыю на вачах, і дактары настойліва парэкамендавалі ёй змяніць жыццёвы ўклад. З пасады паштальёна жанчына звольнілася – нельга падымаць цяжкае, перанапружвацца. Вольга Леанідаўна пачала шукаць працу, якая не прыносіла б шкоды здароўю. Але, на жаль, нічога, што ёй падышло б, знайсці не змагла. У лістападзе заканчваецца тэрмін, згодна якога жанчына лічыцца беспрацоўнай, таму яна хвалюецца: як жыць, калі сродкаў для існавання няма? Да таго ж, і зрок пачаў пагаршацца.

– Я не прашу вялікую зарплату, – усхвалявана гаворыць жанчына. – Не хачу сядзець на шыі ў сына і састарэлай маці, калі сама ў стане зарабіць сабе на хлеб.

– У нашым сельвыканкаме на рэгулярнай аснове праводзяцца “Кірмашы вакансій”, – дадае старшыня Вішоўскага сельсавета Фёдар РЫДЗЕЦКІ. – Але амаль усе варыянты працаўладкавання звязаны з нагрузкай на органы зроку.

Дэпутат парэкамендаваў жанчыне яшчэ раз звярнуцца да ўрачоў па рэкамендацыі, якой працай ёй можна займацца, і зрабіў акцэнт на тым, што ў сувязі з далейшым пагаршэннем зроку дактары могуць прызначыць ёй групу інваліднасці.

– Калі высветліцца, што працаваць вы можаце, то яшчэ раз звярніцеся ў райвыканкам. Думаю, без працоўнага месца не застанецеся, – падкрэсліў Дзмітрый Гобараў.

Начальнік аддзела па зваротах грамадзян райвыканкама Наталля СІМАНАВА дадала, што Вольга Талкачова звярталася ў райвыканкам за адраснай дапамогай у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй і яе просьба была задаволена.

Складанае пытанне хвалявала яшчэ адну вішаўчанку Ілю ПАНАМАРЭНКА. Яна і некалькі знаёмых жывуць у так званых “фінскіх” дамах на дзве кватэры. Другія іх паловы пустуюць. Фармальна людзі там зарэгістраваны, але фактычна не жывуць і не даглядаюць сваю частку жылля. Пенсіянерку хвалюе далейшы лёс гэтых дамоў, бо калі парушыцца суседская палова, непрыемнасці будуць чакаць і яе.

Антыкрызісны ўпраўляючы ААТ “ПМК-83 “Вадбуд” Наталля КІСЯЛЁВА патлумачыла, што гэтыя дамы зараз належаць да арэнднага жылля. Паколькі арганізацыя, адказная за іх, знаходзіцца ў працэсе банкруцтва, вырашаецца пытанне аб перадачы іх у камунальную ўласнасць. Калі фактычна гэта жыллё пяройдзе да БУКП “Жылкамгас”, тады і справа аб высяленні нядбайных гаспадароў і рамонце жылля зрушыцца з месца.

– Гэта праблема зараз набыла агульнарэспубліканскае значэнне, – падкрэсліў Дзмітрый Гобараў. – Але варта памятаць, што ў камунальных службаў і без таго шмат клопатаў: такое жыллё трапляе да іх не ў самым лепшым стане. Трэба таксама аддаць належнае нераўнадушным суседзям, якія непакояцца не толькі аб сваім, але і аб агульным, знешнім выглядзе сваіх вуліц.

Дэпутат узяў гэта пытанне на кантроль і паабяцаў Ілі Панамарэнка трымаць яе ў курсе справы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *