Ствараць прыгажосць – асаблівы занятак

Часта на тое, каб пераўтварыць у жыццё свае мары і рэалізаваць творчыя задумкі, нам не хапае часу, сіл ці магчымасцяў. Але Карына МАРДАЧОВА з аграгарадка Ланькаў знаходзіць час на любімыя захапленні. Калісьці жанчына марыла стаць ландшафтным дызайнерам, цяпер – уладкоўвае ўласны ўчастак зямлі. І яе намаганні не засталіся незаўважанымі. Па выніках сёлетняга конкурсу “Лепшы сельскі падворак маладой сям’і” Мардачовы занялі першае месца.

карина

– Старшыня Ланькаўскага сельсавета Дзмітрый КАРПІКАЎ звярнуўся да нас і прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсе на лепшы падворак, – распавядае Карына Іванаўна. – Нягледзячы на тое, што лета ўжо прайшло і самыя прыгожыя кветкі адцвілі, пагадзіліся. А калі даведаліся, што занялі першае месца, былі прыемна ўзрушаны тым, што нашы намаганні заўважылі і адзначылі на раённым узроўні.

Карына родам з Ланькава. Пасля заканчэння ПЛ № 10 г. Магілёва некалькі гадоў працавала бармэнам у абласным цэнтры, потым – у Бялынічах. Зараз даглядае хатнюю гаспадарку, дом, дваіх дзетак. Прысядзібны ўчастак пачала добраўпарадкоўваць некалькі гадоў таму. За гэты час на ім з’явіліся арэлі, сажалка, шматлікія віды кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны да канца восені.

– Муж заняты на працы, таму зрэдку знаходзіць час, каб дапамагаць з кветкамі, але створаная на падворку прыгажосць яму вельмі падабаецца, – адзначае Карына Мардачова. – Летам да нас часта прыязджаюць адпачываць сябры, і кожны заўважае, як у нас утульна.

Але ж сезон адпачынку на двары завяршыўся. Хутка прыгажосць на падворку Мардачовых пакрыецца снегам. І двор, і агарод гаспадыня ўжо амаль канчаткова падрыхтавала да зімоўкі. На гэты перыяд Карына Іванаўна таксама знайшла сабе занятак, якому прысвячае вольны час.

– Некалькі гадоў таму выпісвала часопіс для аматараў рукадзелля “Ксюша”, – кажа жанчына. – Там упершыню ўбачыла тэхніку пляцення розных рэчаў з папяровых трубачак. Яны паказаліся вельмі незвычайнымі, занятак зацікавіў: на здымках вырабы выглядалі прыгожа. Сама паспрабавала зрабіць невялікія кошыкі – атрымалася. Цяпер схемы пляцення часцей за ўсё шукаю ў інтэрнэце, а вынікі сваёй працы раздорваю сябрам і знаёмым. Таксама людзі звяртаюцца і самі, замаўляюць штосьці ў падарунак сваім блізкім.

Адзін з вырабаў Карыны Іванаўны адправіўся некалькі гадоў таму ў Германію. Дзеці суседзяў ездзілі туды на аздараўленне, а з роднага Ланькава з сабою павезлі плеценыя з паперы сувеніры. Дарэчы, немцам яны спадабаліся.

Як кажуць, таленавіты чалавек – паспяховы ва ўсім. Гаспадыня знаходзіць час не толькі даглядаць хатнюю гаспадарку і гадаваць двух сыноў, пакуль муж у ад’ездзе, але і вышываць і вязаць. Акрамя таго, у жанчыны шмат хатніх кветак, ад якіх атрымліваць асалоду можна напрацягу ўсяго года. Але і належнага догляду яны патрабуюць штодзённа.

Звычайна хобі адлюстроўваюць наш характар і душэўныя памкненні, менавіта таму яны прыносяць асалоду і маральнае задавальненне. Тое ж, як прызналася Карына Іванаўна, адчувае кожны раз і яна, калі яе творчыя работы заўважаюць блізкія ці проста знаёмыя.

– Спадзяемся, у наступным годзе пераедзем у Бялынічы, там у нас дом і ўчастак, – падзялілася планамі на будучыню Карына Мардачова. – Ужо ёсць ідэі, як буду добраўпарадкоўваць тэрыторыю, якія кветкі пасаджу там.

Кожны жыхар раёна можа зрабіць сваю малую радзіму больш прыгожай і ўтульнай. Трэба толькі мець жаданне і любіць куточак зямлі, на якім жывеш.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *