Пацвердзіў статус майстра

Абласны конкурс вадзіцеляў аўтамабіляў-смеццявозаў “Магілёўскі майстар”, арганізатарам якога выступіў абкам галіновага прафсаюза, прайшоў сёлета ў другі раз у Магілёве. Замкнуў тройку лідараў работнік БУКП “Жылкамгас” Уладзімір КАЗЛОЎ.

мусоровоз

Канкурсанты дэманстравалі веданне правілаў дарожнага руху, прылад і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а таксама навыкі кіравання аўтамабілем-смеццявозам: рух па габарытным тунэлі, пастаноўку аўтамабіля заднім ходам у бокс, пад’езд з аднаго тармажэння да планкі да дакранання яе пярэднім бамперам, дыяганальную паркоўку, выкананне пагрузкі кантэйнера.

Уладзімір Казлоў заняў 2 месца ў выпрабаванні на лепшае веданне ПДР і 1 месца – на лепшыя навыкі кіравання аўтамабілем-смеццявозам з бакавой загрузкай.

– Сёлета актыўна рыхтаваўся да конкурсу, бо з папярэдняга года ведаў прыкладны спіс заданняў і іспытаў, – распавядае Уладзімір Васільевіч. – Складанасць, аднак, была ў тым, што і склад сапернікаў амаль не памяняўся, яны таксама рыхтаваліся і паказвалі вельмі добрыя вынікі. Конкурс праходзіў у атмасферы сапраўднай канкурэнцыі, бо ўдзел у ім прымалі прафесіяналы сваёй справы. Вельмі рады, што змог прадэманстраваць належны ўзровень ведаў і навыкаў і заваяваў ганаровае трэцяе месца.

Уладзімір Казлоў адзначыў, што такога ўзроўню наўрад ці магчыма дасягнуць без працоўнага вопыту. На смеццявозе ён працуе дзевяць гадоў запар. За гэты час амаль што “зрадніўся” са сваім аўтамабілем, што і дапамагло яму ў конкурсе. Новай тэхнікай кіраваць было б цяжэй, у сваёй жа – адчуваеш кожны нязначны рух.

Дарэчы, смеццявоз цяпер упрыгожвае стыкер з эмблемай конкурсу, які доўгі час яшчэ будзе напамінаць жыхарам райцэнтра аб тым, што іх тэрыторыю абслугоўвае адзін з лепшых майстроў сваёй справы.

– Уладзімір Васільевіч – адзін з самых надзейных і адказных супрацоўнікаў жылкамгаса, – падкрэсліў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце БУКП “Жылкамгас” Аляксандр АСІПЁНАК. – Ён сапраўды заслугоўвае прызнання на абласным узроўні, бо там спаборнічаюць самыя лепшыя. Акрамя таго, калектыў прадпрыемства адносіцца да яго з павагай і даверам, што сведчыць не толькі аб яго прафесійных, але і выдатных чалавечых якасцях.

Трэба адзначыць і тое, што працаваць вадзіцелем у жылкамгас ён прыйшоў пасля заканчэння ПЛ № 17. Адразу шчыраваў на машыне па зборы ЦБА. Маладыя людзі не заўсёды пагаджаюцца на такую спецыфічную працу. Але Уладзімір Казлоў упэўнены: кожная прафесія – добрая і запатрабаваная, і ў кожнай ёсць магчымасць праявіць сябе і свае навыкі, стаць выдатным спецыялістам.

Канечне, для дасягнення вышынь у любой прафесіі важна, каб цябе падтрымлівалі. Уладзімір Казлоў вельмі ўдзячны сваёй сям’і за тое, што дома для яго ствараюць надзейны тыл.

– З пераможным месцам віншавалі родныя, калегі, знаёмыя, – кажа Уладзімір Васільевіч. – Было вельмі прыемна атрымліваць узнагароду. Але ёсць яшчэ куды імкнуцца. Спадзяюся, у наступны раз падымуся на прыступку гонару вышэй. А пакуль буду надаваць яшчэ больш увагі падрыхтоўцы, адшліфоўваць сваё прафесійнае майстэрства.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *