Тактыка-спецыяльныя вучэнні прайшлі ў цэху па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка”

Тактыка-спецыяльныя вучэнні прайшлі ў цэху па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка”.

Безимени-1

Па легендзе на прадпрыемстве адбыўся парыў рэсівера з выкідам вялікай колькасці аміяку, які можа быць аднесены ўсходнім ветрам на жылы сектар.

– Неабходна было праверыць гатоўнасць усіх службаў узаемадзеяння, якія прыцягваюцца пры магчымай аварыі ў філіяле ААТ “Бабуліна крынка”, – адзначыў начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ. – Бо пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі на прадпрыемстве з такім абсталяваннем кожная секунда будзе на ўліку. Тут трэба дакладна ведаць алгарытм дзеянняў і ўмець хутка прымяніць іх на практыцы.

Дзеянні персаналу на момант аварыі начальнік РАНС ацаніў на выдатна. Праца прадпрыемства была адразу ж спынена, кампрэсары адключаны, ціск у рэсіверы зняты, і выкід аміяку адбываўся самацёкам.

Усе работнікі змены знаходзіліся ў процівагазах у герметычным сховішчы, што ўнутры цэха, і чакалі прыбыцця ратавальнікаў. Задзейнічаны ў ліквідацыі аварыі персанал, апрануты ў ахоўную амуніцыю Л-1 і процівагазы са скрынкамі ад уздзеяння аміяку, прыступіў да ліквідацыі ўцечкі гэтага газу.

Пры гэтым спрацавалі сірэны апавяшчэння насельніцтва на вуліцы Лорчанка і прылеглай тэрыторыі, а таксама праз пульт дыспетчара РАНС былі задзейнічаны апавяшчальнікі, устаноўленыя па горадзе, якія перадалі папераджальны гукавы сігнал “Увага ўсім!”. Па гэтым сігнале трэба пакінуць усе справы, схавацца ў будынку і ўключыць радыёпрыёмнік, каб праслухаць паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі і прытрымлівацца рэкамендацый.

Па прыбыцці на месца аварыі падраздзяленні МНС прыступілі да лакалізацыі і ліквідацыі яе. Падчас гэтага ад начальніка РАНС паступілі чатыры ўводныя аб неабходнасці нарошчвання сіл і сродкаў, з якімі ратавальнікі паспяхова справіліся.

Віталь Воранаў адзначыў, што вучэнні прайшлі паспяхова, але ёсць некалькі момантаў, з якімі трэба разабрацца і адпрацаваць іх. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што  ўзаемадзеянне з усімі неабходнымі службамі наладжана добра. Па выкліку дыспетчарскай службы РАНС яны прыбылі своечасова.

– Галоўнае, што кожны ведаў сваю задачу, – падкрэсліў начальнік РАНС. – Усе былі экіпіраваныя і гатовыя да правядзення мерапрыемстваў па аказанні дапамогі. Таму, дзякуючы зладжаным дзеянням, тактыка-спецыяльныя вучэнні прайшлі на высокім узроўні.

Плануецца, што падобныя вучэбныя заняткі будуць праведзены ў цэху з кожнай дзяжурнай зменай РАНС.

помощь

ресивер

 

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *