Галоўнае — не губляць надзею

Ад Ізраіля да Беларусі – рукой падаць, упэўнены былы выхаванец дзіцячай дапаможнай школы-інтэрната Уладзімір ШАМЯКІН. Чатыры гадзіны палёту на радзіму пралятаюць для яго як чатыры хвіліны.

фокус

Уладзімір нарадзіўся ў Бабруйску. Маці яго рана памерла, пра бацьку органам апекі нічога вядома не было, таму асірацелы хлопчык патрапіў у Бялыніцкую школу-інтэрнат, якая ў прамым сэнсе замяніла яму сям’ю.

Больш як праз 20 гадоў Уладзімір завітаў у родную школу зноў, каб выказаць словы ўдзячнасці выхавальнікам, сустрэцца з сябрамі, якія засталіся жыць у Бялынічах.

Сам ён жыве ў Ізраілі ў горадзе Хайфа. Пасля заканчэння школы-інтэрната паступіў у Мсціслаўскае вучылішча, дзе атрымаў прафесіі муляра і зваршчыка. Але пустата і адзінота, якія абрынуліся на маладога чалавека пасля першых дзён самастойнага жыцця, выбівалі яго з каляіны. Таму Уладзімір вырашыў шукаць каго-небудзь з родных.

Даведаўся,  што бабуля і родная цётка жылі на той час у Ізраілі. Юнак наладзіў з імі сувязь і ў хуткім часе пераехаў да іх у Хайфу.

– Пасля таго, як скончыў школу-інтэрнат, у душы ўтварыўся нейкі вакуум, – распавядае Уладзімір. – З 1986 па 1995 гады маёй сям’ёй былі навучэнцы і выхавальнікі школы-інтэрната, а ўжо ў вучылішчы я застаўся адзін, сам-насам з цэлым светам. Калі ў цябе няма да каго прыгарнуцца, гэта вельмі цяжка. З дакументаў, якія аддалі на рукі, даведаўся, адкуль мае карані, і адразу ж пачаў пошукі родных. Вельмі хацелася з імі сустрэцца! Не спыніла нават тое, што яны жылі ў далёкай краіне, у Ізраілі.

Вядома, каб пераехаць у іншую краіну, спатрэбіліся час і сродкі. Дый прызвычайвацца да новага жыцця патрэбна было не адзін месяц. Але гэтыя складанасці пераадолеліся лёгка. Галоўнае, ён быў ужо не адзін.

Зараз Уладзімір працуе ў службе па процідзеянні тэрарызму і папярэджанні тэрарыстычных атак, а вольны час прысвячае любімаму хобі – фокусам.

– Сваёй радзімай лічыў і лічу Беларусь, – адзначае Уладзімір Шамякін. – Пра навучанне ў Бялыніцкай школе-інтэрнаце ў мяне захаваліся самыя цёплыя і радасныя ўспаміны. Таму і завітаў сюды, каб падбадзёрыць сённяшніх выхаванцаў установы, на ўласным прыкладзе паказаць, што ў жыцці можна дасягнуць многага, калі толькі не губляць надзею. Некалькі гадоў таму здарыўся цуд, якога, сапраўды, не чакаў. Праз сацыяльныя сеткі знайшоў свайго роднага бацьку, з якім не бачыліся больш за 30 гадоў. Ён папрасіў у мяне прабачэння, і зараз мы падтрымліваем цёплыя адносіны.

У Бялынічы Уладзімір завітаў з жонкай Карын. Разам яны выступілі перад выхаванцамі школы-інтэрната, распавялі пра сваё жыццё, праспявалі песні, а затым Уладзімір паказаў свае лепшыя фокусы.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *