Забяспечвае бесперабойны працэс

капСВК “Калгас “Радзіма” з’яўляецца адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі. Добрая кармавая база, своечасовая мадэрнізацыя вытворчасці і моцны “чалавечы фактар” з года ў год прыносяць свой плён. Адным з тых людзей, на працы якіх грунтуюцца дасягненні гаспадаркі, з’яўляецца старшыня назіральнага савета і галоўны інжынер-энергетык СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай КАПЯЛЮШ.

Мікалай Капялюш родам са Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У 1985 годзе ён скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і прыехаў па размеркаванні ў Вішоў. З таго часу, вось ужо на працягу 33 гадоў, энергетычная галіна вішоўскага сельгаспрадпрыемства з’яўляецца сферай яго адказнасці.

– Наша задача – забяспечваць бесперабойны вытворчы працэс на кожным участку, – гаворыць Мікалай Іосіфавіч. – Гэтым займаецца брыгада па працаёмкіх працэсах у складзе 24 чалавек. У яе абавязкі ўваходзіць абслугоўванне дзевяці малочна-таварных ферм і чатырох жывёлагадоўчых комплексаў, зернесушыльных установак і іншых аб’ектаў. Калектыў у нас дружны і зладжаны, усе працаўнікі маюць высокую кваліфікацыю і разумеюць асабістую адказнасць.

Дзейнасць брыгады мае важнае значэнне ў зладжаным ланцужку сельскагаспадарчых работ. На вытворчых аб’ектах, асабліва ў гарачую пару, збоі недапушчальныя, абсталяванне трэба старанна абслугоўваць і ўважліва сачыць, каб яно не падводзіла. Цяжка нават уявіць, што будзе, калі спыніцца работа зернесушыльнага комплексу падчас уборачнай або даенне кароў пры такіх значных аб’ёмах вытворчасці, як у СВК “Калгас “Радзіма”.

Выдаткі на электраэнергію з’яўляюцца адным з фактараў, які ўплывае на сабекошт прадукцыі. Таму перад энергетыкамі гаспадаркі стаіць важная задача – пастаянна зніжаць іх долю. Для гэтага ў СВК “Калгас “Радзіма” заўсёды ідуць у нагу з часам, клапоцяцца аб мадэрнізацыі і аптымізацыі вытворчасці. Мікалай Капялюш пастаянна адсочвае навацыі ў энергетычнай сферы і актыўна ўкараняе новаўвядзенні ў вытворчы працэс. За час яго працы ў энергетычнай аснашчанасці калгаса змянілася вельмі многае.

Напрыклад, лёгка можна прасачыць эвалюцыю відаў асвятляльных лямп: раней выкарыстоўваліся энергазатратныя лямпы напалу, затым – газаразрадныя, а цяпер – энергазберагальныя дыёдныя. Таксама змянілася тэхналогія даення кароў – на змену даільным апаратам прыйшлі сучасныя даільныя залы.

Цяпло, якое вылучаецца ад халадзільнікаў пры ахалоджванні малака, праходзіць праз цеплаабменнікі, і атрыманая энергія паўторна выкарыстоўваецца для награвання вады на МТФ і МТК. Таксама на ўсіх аб’ектах жывёлагадоўлі выкарыстоўваюцца геліевыя ўстаноўкі, якія награваюць ваду з дапамогай сонечнай энергіі. Такім чынам, прымяненне новых тэхналогій дазваляе значна знізіць затраты на спажываемую электраэнергію.

У 2005 годзе на МТК “Усход” быў рэалізаваны праект па ўвядзенні ў эксплуатацыю міні-біягазавай устаноўкі ўласнай вытворчасці. У выніку, быў атрыманы біягаз з адходаў жыццядзейнасці БРЖ, аналагічны прыроднаму, але пасля эканамічных падлікаў вырашылі ў далейшым устаноўку не выкарыстоўваць.

Праца энергетыкаў звязана з пастаяннай небяспекай паражэння электрычным токам. Увесь электратэхнічны персанал СВК “Калгас “Радзіма” своечасова праходзіць атэстацыю, цалкам забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, а праца вядзецца згодна з усёй нарматыўна-тэхнічнай дакументацыяй.

Варта адзначыць, што за час працы Мікалай Іосіфавіч падрыхтаваў шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Плённая праца галоўнага інжынера-энергетыка сельгаставарыства, яго ініцыятыўнасць, уклад у развіццё роднай гаспадаркі і раёна неаднаразова адзначаліся на розных узроўнях. Мікалай Капялюш з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года” ў намінацыі “Вытворчая дзейнасць”, ушанаваны званнем “Заслужаны работнік СВК “Калгас “Радзіма”, шмат разоў прымаў удзел у рэспубліканскіх і абласных “Дажынках”.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Алены БЫКАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *