У Бялынічах адбылася ўрачыстасць з нагоды здачы 40-кватэрнага жылога дома

Традыцыйна ў краіне напярэдадні 7 лістапада ўводзяцца ў эксплуатацыю розныя аб’екты вытворчага і сацыяльнага прызначэння. У Бялынічах сёлета адбылася ўрачыстасць з нагоды здачы 40-кватэрнага жылога дома. У ім доўгачаканае жыллё атрымалі 28 мнагадзетных сем’яў, якія пабудавалі яго на льготных умовах. Яшчэ 12 кватэр адносяцца да арэнднага жылля.

Безимени-1

Радасны момант разам з навасёламі раздзялілі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК, райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, раённага Савета дэпутатаў Андрэй ГАНЧУК, дырэктар ДУК ДБП “Бялыніцкая ПМК-241” Уладзімір РАМАНЕНКА.

– Увядзенне ў эксплуатацыю гэтага шматкватэрнага жылога дома з’яўляецца вельмі радаснай і знакавай падзеяй для 28 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 92 дзіця, – адзначыў у прывітальным слове Уладзімір Даманеўскі. – Разам з тым садзейнічаць паляпшэнню жыллёвых умоў грамадзян, і ў першую чаргу сем’яў, у якіх выхоўваюцца па трое і больш дзяцей, – гэта важная задача для мясцовай улады. Такі клопат дазваляе людзям быць упэўненымі, што кожная мнагадзетная сям’я не застанецца па-за ўвагай дзяржавы.

У цэлым у Магілёўскай вобласці налічваецца 10450 мнагадзетных сем’яў, больш за 3 тысячы з іх маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Таму стаіць задача на працягу наступных трох гадоў вырашыць гэту праблему. За дзевяць месяцаў бягучага года пабудаваны ўжо 686 кватэр. Усяго свае жыллёвыя ўмовы, у тым ліку і з дзяржпадтрымкай, сёлета палепшаць больш за 1 тысячу мнагадзетных сем’яў. У наступныя гады будуць нарошчаны аб’ёмы ўзвядзення жылля для гэтай катэгорыі грамадзян. Таму неабходна адшукваць дадатковыя сродкі ў бюджэце і ўзмацніць работу рэальнага сектара эканомікі.

Усіх уладальнікаў новых кватэр шчыра павіншаваў Уладзімір Раманенка, які ўручыў сімвалічны ключ ад дома сям’і Алега і Таццяны СЯМАШКАЎ.

дом4

Для ўдзельнікаў урачыстасці зладзілі сапраўднае свята з канцэртнымі нумарамі артысты РЦК. Работнікі МЦ “Ветразь” падрыхтавалі гульнёвую праграму для самых маленькіх гасцей, а райста для ўсіх салодкі стол.

дом2

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *