Пакажуць усе фіналы

Фінальныя канцэрты беларускіх нацыянальных адбораў на міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2018” за 15 гадоў пакажуць на “Беларусь 3”.

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. 

– Напярэдадні маштабнага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2018” тэлеканал запускае тэматычную эфірную акцыю “Песня для Еўрабачання. Пятнаццаць год гісторыі” і пакажа 15 фінальных канцэртаў дзіцячых нацыянальных адбораў 2004-2018 гадоў. Акцыя прадоўжыцца з 5 да 23 лістапада, – расказалі ў прэс-службе.

Убачыць, з чаго пачыналася пакарэнне юнымі беларускімі артыстамі еўрапейскай сцэны, можна будзе ўжо 5 лістапада: у 22.15 будзе паказаны фінал нацыянальнага дзіцячага конкурсу 2004 года. Тады лаўры першынства дасталіся Ягору Валчку з песняй “Спявайце са мною”.

– 6 лістапада будзе паказаны канцэрт нацыянальнага адбору 2005 года, пасля яго фіналістка Ксенія Сітнік з песняй “Мы разам” вярнулася з Бельгіі пераможцай. Беларусь удзельнічае ў дзіцячым “Еўрабачанні” з моманту яго заснавання – 2003 года. Першай прадстаўніцай краіны на еўрапейскай арэне стала Вольга Сацюк з песняй “Танцуй”, паказаўшы вельмі паспяховы рэзультат – 4-е месца. У той год нацыянальны адбор праводзіўся ў рамках музычнага конкурсу “Сузор’е надзей”, – адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі. Галоўнае шоу міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2018” пройдзе ў спартыўна-забаўляльным комплексе “Мінск-Арэна” 25 лістапада. Музычны форум у гэтым годзе збярэ рэкордную колькасць удзельнікаў   20 краін. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага “Еўрабачання-2018” выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС).

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *