Праца павінна адказваць закліку сэрца

викаПрацаваць па размеркаванні ў сельгаставарыствы раёна сёлета прыбылі маладыя спецыялісты. Як знайсці сябе ў прафесіі і працаваць, укладаючы душу ў сваю справу, яны распавялі карэспандэнту “Зары над Друццю”.

Вікторыя ГАНАКОВА са жніўня працуе ветэрынарным урачом у ААТ “Бялынічы”. Сюды дзяўчына была размеркавана пасля сканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

– З дзяцінства марыла аб тым, каб быць урачом, – кажа Вікторыя. – На жаль, не хапіла некалькіх балаў, каб паступіць на бюджэт, а плаціць за вучобу маёй сям’і было б даволі цяжка, таму пайшла вучыцца на ветэрынара. Заняткі былі цікавымі і захапляльнымі, хоць зрэдку і адольвалі сумненні, ці падыходзячую прафесію выбрала сабе. На МТК у Галоўчыне праходзіла практыку на апошнім курсе, сюды і размеркавалася. Шчыра кажучы, зараз не шкадую аб сваім выбары – праца падабаецца.

Родам Вікторыя з Магілёва. Маленькую дачушку, якой яшчэ не споўнілася двух годзікаў, даглядае муж, які знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Кожныя выхадныя маладая маці праводзіць з  сям’ёй.

Кіраўніцтва і працоўны калектыў, па словах Вікторыі Ганаковай, падтрымліваюць маладых спецыялістаў, дапамагаюць, калі неабходна, парадай. Планы на будучыню ў дзяўчыны сур’ёзныя: далейшае жыццё яна абавязкова хоча звязаць з ветэрынарнай медыцынай, таксама плануе атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Ветэрынарна-санітарная экспертыза” і, канечне, больш увагі надаваць сваёй сям’і і маленькай дачушцы.

петрУ ААТ “Бялынічы” з пачатку жніўня загадчыкам машыннага двара працуе Пётр СТАРАЛАЎНІКАЎ. Сёлета ён скончыў Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.  

– Гэта другая мая спецыяльнасць, па першай я трактарыст-машыніст, – распавёў Пётр карэспандэнту райгазеты. – Калі ішоў працаваць па размеркаванні ў ААТ “Бялынічы”, добра ведаў і працоўныя абавязкі, і калектыў, бо праходзіў тут практыку. З калегамі ўжо наладжаны працоўны кантакт, добра разумеем адзін аднаго, да іх заўсёды можна звярнуцца з любым пытаннем – дапамогуць, падкажуць.

Адчувальная падтрымка маладых спецыялістаў з боку працоўнага калектыву і кіраўніцтва – толькі адзін са складнікаў паспяховай працы і далейшага замацавання кадраў на іх пасадах. Каб шчыраваць ад усёй душы, трэба любіць сваю справу. Як, напрыклад, Пётр Старалаўнікаў. Зразумеў, што працаваць з аўтамашынамі – гэта яго прызванне яшчэ з дзяцінства, калі бацька браў яго з сабою ў поле. Менавіта інтарэс, прывіты ў раннім дзяцінстве, прыклад упартай працы роднага чалавека і прыносіць свой плён. Сам малады чалавек родам з Бялыніч, і з’язджаць з малой радзімы не збіраецца.

Родныя людзі побач, задаволенасць сваёй працай – што яшчэ патрэбна для шчаслівага жыцця і ўпэўненага развіцця?

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *