Не пракуры сваё жыццё!
Асноўнай прычынай узнікнення пажараў і гібелі на іх людзей па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Па статыстыцы, больш за 80 працэнтаў загінулых падчас пажараў знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.
Па 30 лістапада бягучага года ў нашай краіне праходзіць рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё!”. Яе мэта – папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.
У рамках акцыі актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і супрацоўнікі МНС праводзяць прафілактычныя гутаркі ў месцах масавага збору людзей, установах адукацыі з раздачай лістовак-памятак. У працоўных калектывах запланаваны лекцыі-гутаркі па захаванні правіл пажарнай бяспекі.
Будзьце ўважлівыя ў пытаннях уласнай бяспекі і праявіце клопат да тых, хто знаходзіцца побач, – суседзяў, сваякоў, знаёмых. Бо людзі, якія злоўжываюць спіртным і кураць у ложку ў стане алкагольнага ап’янення, ставяць пад пагрозу не толькі сябе, але і навакольных. Магчыма, ваша неабыякавасць выратуе каму-небудзь жыццё.
Кацярына ЛЮБІВАЯ,
інспектар ГПіУГ РАНС.