Правілы паводзін на лёдзе

У хуткім часе рэкі, азёры і сажалкі пакрыюцца першым лёдам. Звяртаем увагу, што “малады” лёд тонкі і нетрывалы, не здольны вытрымаць вагу чалавека. Таму з рыбалкай і катаннем на каньках прыйдзецца пачакаць.

Ёсць спецыяльныя месцы, якія прызначаны для гэтага і знаходзяцца пад пастаянным кантролем, але ўсю тэрыторыю вадаёма, пакрытую лёдам, пракантраляваць немагчыма. Праваліўшыся пад лёд, чалавек не можа атрымаць дапамогі і тоне.

Варта быць асцярожным там, дзе ёсць хуткае цячэнне, ручаі ўпадаюць у рэкі, адбываецца выкід цёплай вады з прамысловых прадпрыемстваў, а таксама ў месцах з густой воднай расліннасцю, паблізу дрэў, кустоў і чароту.

Выхадзіць на бераг і спускацца да вады бяспечней у месцах, якія не пакрыты снегам. Пры неабходнасці пераходу па лёдзе варта ісці адзін за адным на адлегласці 5-6 м і ўважліва пры гэтым сачыць за таварышамі, 

каб у выпадку надзвычайнай сітуацыі своечасова аказаць ім дапамогу.

Аматарам рыбнай лоўлі трэба выконваць наступныя правілы:

– не варта прабіваць некалькі лунак побач;

– небяспечна збірацца вялікімі групамі на адным месцы;

– не трэба лавіць рыбу каля прамоін і зараснікаў чароту;

– абавязкова трымайце пры сабе вяроўку даўжынёй 12-15 метраў.

Пры аказанні дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд, нельга падыходзіць да яго стоячы з-за небяспекі самому трапіць у бяду. Да пацярпелага трэба набліжацца паўзком з раскінутымі ў бакі рукамі і нагамі. Калі пад рукой маюцца палкі, галіны, дошкі, лесвіцы, жэрдкі ці іншыя прадметы, то іх трэба выкарыстоўваць для аказання дапамогі. 

У тым выпадку, калі нічога з прадметаў для аказання дапамогі не маецца, двум-тром чалавекам трэба легчы на лёд і ланцужком прасоўвацца да пацярпелага, утрымліваючы адзін аднаго за ногі.

Пацярпелага трэба адразу ж даставіць у цёплае месца, аказаць дапамогу, зняць з яго мокрую вопратку, энергічна расцерці цела, напаіць гарачым чаем.

Да аказання дапамогі пацярпелы павінен дзейнічаць самастойна. Калі пад яго нагамі праваліўся лёд, трэба, расставіўшы рукі, утрымлівацца на паверхні лёду, без рэзкіх рухаў старацца выпаўзці, а затым, лежачы на спіне, прасоўвацца ў той бок, адкуль прыйшоў.

Самае галоўнае – захоўваць спакой і не панікаваць, таму што нават той чалавек, які дрэнна плавае, здольны некаторы час утрымацца на паверхні за кошт паветранай падушкі, якая ўтвараецца пад адзеннем. Разам з тым, трэба актыўна дзейнічаць з першай жа хвіліны, пакуль не прамокла адзенне, не замерзлі ў халоднай вадзе рукі, не развіліся характэрныя для пераахаладжэння слабасць і абыякавасць. 10-15 хвілін знаходжання ў ледзяной вадзе небяспечны для чалавечага жыцця.

Строгае выкананне мер засцярогі на лёдзе – галоўная ўмова прадухілення няшчасных выпадкаў у зімні перыяд.

Кацярына ЛЮБІВАЯ,

інспектар ГПіУГ РАНС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *