На Магілёўшчыне па 4 снежня праводзіцца чарговы месячнік чысціні

Як вядома, на Магілёўшчыне, у тым ліку і ў нашым раёне, па 4 снежня праводзіцца чарговы месячнік чысціні і добраўпарадкавання. Галоўная яго задача – навесці ўзорны парадак на зямлі, вытворчых тэрыторыях, у населеных пунктах, месцах агульнага выкарыстання.

Асаблівая адметнасць правядзення мерапрыемстваў па навядзенні парадку на нашай жыццёвай прасторы заключаецца ў тым, што праходзяць яны ў Год малой радзімы. Зрэшты, падтрыманне чысціні і парадку там, дзе жывём, працуем, адпачываем – гэта праява нашай побытавай культуры. Кожнага і ўсіх разам. Гэта і наша візітная картка для гасцей.

“Смеццевая” праблема

На чарговым пасяджэнні раённага штаба па навядзенні парадку, якое прайшло з удзелам старшыні                райвыканкама Анатоля ШЧУПЛЯНКОВА, разгледжаны вынікі чарговага маніторынгу выкананай працы па навядзенні парадку на пэўных аб’ектах вытворчай і сацыяльнай інфраструктур.

Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый СІМАНАЎ звярнуў увагу прысутных на выяўленыя шматлікія факты выкіду бытавога смецця на прыпыначныя пункты рэйсавых аўтобусаў, забруджвання ім тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог. Найчасцей такі непрывабны малюнак назіраецца пасля выхадных дзён. Відавочна, што ў гэтай нядобрай справе асаблівае старанне дэманструюць дачнікі. Пасля пабыўкі ў родавых гнёздах яны такім чынам пазбаўляюцца ад уласных бытавых адходаў. Проста, як кажуць, і сярдзіта. І вельмі непрыгожа, дадамо ад сябе.

Падобныя выпадкі парушэння санітарнага і экалагічнага заканадаўства супрацоўнікі райінспекцыі ПРіАНА перад правядзеннем пасяджэння раённага штаба па навядзенні парадку зафіксавалі на аўтобусных прыпыначных пунктах у вёсках Забавы, Заполле, Іванаўка, Майск, выявілі несанкцыяваныя звалкі смецця паблізу вуліцы Багдановіча ў Бялынічах, у вёсцы Вялікі Трылесін, каля Сіпайлаў, аграгарадку Цяхцін: вул. Перамогі, 2, 3, буртавое поле ААТ “Новая Друць”, і ў шэрагу іншых месцах. 

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Алена ДАМАРАЦКАЯ завастрыла ўвагу на стане мехдвара ў вёсцы Заполле ААТ “Новая Друць”: незакрытыя каналізацыйныя люкі, абыяк пастаўлена тэхніка і сельгасмашыны, забруджанасць тэрыторыі. Неабходна таксама навесці парадак з дрэвамі і каля Запольскага магазіна. 

На пасяджэнні раённага штаба па навядзенні парадку былі заслуханы тлумачэнні старшыняў сельсаветаў: Запольскага – Святланы ВАЛЧКОВАЙ, Цяхцінскага – Аляксандра ЦЫБУЛЬСКАГА, Вішоўскага – Фёдара РЫДЗЕЦКАГА, Машчаніцкага – Іны НАПРЭЕНКА, Галоўчынскага – Аляксандра ЛЯЎКОВІЧА, начальніка ДРБУ № 170 – Алега ФІЛІПАВА, дырэктараў ААТ “Аграсэрвіс” – Сяргея ЧАЛНАКОВА, “Бялынічы” – Генадзя СЦЕФАНЕНКІ.

Адносна таго, як перамагчы вірус бескультурнасці дачнікаў выказаўся дырэктар БУКП “Жылкамгас” Віктар ІВУЛЁЎ. Ён падкрэсліў, што ў раёне існуе схема вывазу бытавых адходаў, графікі іх забору захоўваюцца. Неабходна шчыльна папрацаваць з усімі дачнікамі на прадмет заключэння з імі дагавораў на вываз бытавых адходаў, а таксама прапанаваць ім устанавіць каля сваіх домаўладанняў смеццевыя скрыні ці бочкі. І да гэтай працы павінны актыўна далучыцца старшыні сельвыканкамаў, дэпутаты сельсаветаў, старасты населеных пунктаў.

– Пакуль сур’ёзна не папрацуем з дачнікамі ў гэтым кірунку, – падсумаваў Віктар Міхайлавіч, – тольку не будзе, і вірус бескультурнасці мы не пераможам. 

Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў нагадаў прысутным аб дзеянні і сіле артыкула 15.63 КаАП Беларусі. У адпаведнасці з ім, за выкід смецця ў неналежным для гэтага месцы, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Гэта адносіцца не толькі для ўладальнікаў сядзіб, але і да тых жа бескультурных дачнікаў, якіх неабходна актыўна выяўляць і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Каб не было так і далей: нехта выкінуў смецце, а мы прыбралі за ім.

Аднак санкцыі гэтага артыкула, як правіла, найчасцей выкарыстоўваюцца адпаведнымі службовымі асобамі на вынясенне парушальнікам папярэджання. Хоць усім добра вядома, што рубель уздзейнічае куды мацней за слова. І садзейнічае выхаванню побытавай культуры.

Кіраўнік раёна таксама паставіў задачу за час правядзення чарговага месячніка чысціні навесці ўзорны парадак і на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах, машынных дварах сельгаспрадпрыемстваў, максімальна і прадукцыйна задзейнічаўшы ў гэтай працы ўласныя працоўныя сілы гаспадарак, у тым ліку і шляхам правядзення суботнікаў.

Наводзілі парадак у суботу

У адпаведнасці з даручэннем старшыні райвыканкама Анатоля Шчуплянкова, якое на пасяджэнні раённага штаба па навядзенні парадку было дадзена кіраўнікам ААТАграсэрвіс”, “БялынічыіБялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, 10 лістапада суботнікі па навядзенні парадку прайшлі ў тым ліку і на МТК у вёсках Іскра, Вялікі Трылесін, аграгарадка Свяцілавічы.     

9. 15 раніцы. На тэрыторыі Іскраўскага МТК ААТ “Аграсэрвіс” з венікамі і граблямі ў руках завіхаліся работнікі бухгалтэрыі таварыства. Юрысконсульт гаспадаркі Сяргей ЯРМОЛЕНКА бензакасой выкошваў траву на прыкомплексаўскім газоне.

– Сёння выйшлі на суботнік, – распавядаюць жанчыны, – работнікі бухгалтэрыі і некаторыя спецыялісты таварыства. Дзесяць чалавек. Вунь аграном Дзмітрый СІНІЦЫН займаецца пагрузкай сабранага намі смецця.

Парадак на тэрыторыі МТК, па словах работнікаў бухгалтэрыі, наводзілі раней. Цяпер – падтрымліваюць яго.

Аднак увішных рук і гаспадарскага падыходу чакае і машынны двор таварыства. Хоць, як паведамілі работнікі бухгалтэрыі, там парадак наводзіўся ў папярэднія дні. Але зроблена яшчэ далёка і вельмі далёка не ўсё, што трэба выканаць.

Безимени-1

см1

см3

см4

10. 20 МТК у Вялікім Трылесіне (ААТ “Бялынічы”).

Дырэктар таварыства Генадзь Сцефаненка паінфармаваў, што сёння для навядзення парадку на тэрыторыі комплексу сфарміравана брыгада з 12 чалавек з ліку канторскіх работнікаў, спецыялістаў і свабодных ад работы ў гэты суботні дзень брыгадных рабочых.

Жывёлаводы комплексу займаюцца выкананнем сваіх непасрэдных працоўных абавязкаў, чатыры ветэрынарныя ўрачы, сярод якіх трое з райветстанцыі, праводзяць сартыроўку і рэктальнае абследаванне жывёлы.

Удзельнікі суботніка ўжо навялі парадак на кветніках і цяпер прыбіраюць на тэрыторыі комплексу смецце, якое тут жа спальваецца. Пасля яны накіруюцца наводзіць парадак на тэрыторыі, што знаходзіцца па той бок агароджы жывёлагадоўчага аб’екта.

Генадзь Герасімавіч прызнаецца, што за адзін суботнік з усім аб’ёмам працы па навядзенні парадку не справіцца. Неабходна яшчэ падправіць у некалькіх месцах агароджу, сёе-тое парамантаваць у некаторых будынках, навесці парадак на пляцоўцы каля воданапорнай вежы… Работы хапае.

см7

11. 15 МТК у аграгарадку Свяцілавічы ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”.

Удзельнікаў суботніка журналіст раёнкі на тэрыторыі комплексу не адшукаў. Жывёлаводы, якія даглядаюць цялятак, што гадуюцца ў прафілакторыі, паведамілі: з раніцы некалькіх жанчын з венікамі бачылі – падмяталі асфальтавую пляцоўку перад вытворчымі памяшканнямі.

І сапраўды, на фасадным баку чыста падмецена.

А што на тыльнай частцы тэрыторыі комплексу?

Там, як гаворыцца, яшчэ і конь не качаўся ні разу… І ўсё тое смецце сюды прывалаклі, канечне ж, не дачнікі, не жыхары аграгарадка і, вядома, не марсіяне. Дык, можа, і самім работнікам комплексу трэба правесці суботнік і прыбраць за сабой?

см11

см14

Кожны з нас нясе адказнасць за ахову прыроды і экалагічную бяспеку сваёй малой радзімы, Бацькаўшчыны, Айчыны.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *