Трыццаць сем гадоў добрасумленна адпрацавала Галіна ПРАМУЗА даяркай у тагачасным калгасе імя Фрунзе

ПрамузаТрыццаць сем гадоў добрасумленна адпрацавала Галіна ПРАМУЗА з вёскі Галубоўка даяркай у тагачасным калгасе імя Фрунзе. На яе рахунку – ордэны Працоўнай Славы II і ІІІ ступеняў, столькі ж ганаровых знакаў “За доблесную працу”, а яшчэ дыпломы і граматы, якія яна беражліва захоўвае.

На ферму Галіна Аляксандраўна прыйшла маладой дзяўчынай.

– Адразу было нялёгка, – дзеліцца ўспамінамі былая даярка, – бо ўсё тады выконвалася ўручную. Пра тыя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў сельскай гаспадарцы зараз, тады і падумаць не маглі.

Пятнаццаць гадоў жанчына адпрацавала на раздоі першацёлак. Трэба было адной падаіць, накарміць амаль дзевяноста галоў кароў, вычысціць стойлы.

– Зразумела, хлеб жывёлавода лёгкім не назавеш. Нават, калі было зусім цяжка, усё роўна хацелася працаваць. Хай і ўручную, але кожная буронка была сытай, чыстай і падоенай, – расказала жанчына.

Пры трохразовай дойцы ў тры гадзіны раніцы Галіна Аляксандраўна была ўжо на нагах, а дамоў вярталася з заходам сонца.

Сына Ігара, які цяпер працуе ў СВК “Калгас “Радзіма”, дапамагала гадаваць маці Галіны Аляксандраўны, таму што ў яе самой часу на дзіця было вельмі мала. Жанчына цалкам аддавала сябе працы. Ведала, якія паказчыкі ўплываюць на заработную плату і іншыя выплаты, на іх і рабіла стаўку. Як і зараз, пры ацэнцы працы ў той час звярталі ўвагу на колькасць і якасць надоенага малака, захаванасць пагалоўя і атрыманне прыплоду.

Уся працоўная біяграфія Галіны Прамуза звязана з фермай у роднай вёсцы Галубоўка. Амаль чатыры дзясяткі гадоў кожны дзень яна спяшалася туды. Па дакументах месца працы змянілася пасля далучэння калгаса імя Фрунзе да СВК “Калгас “Радзіма”.

Нягледзячы на ўсе складанасці прафесіі, з году ў год Галіне Аляксандраўне ўдавалася дабівацца высокіх паказчыкаў. Так, у 1987 яна дасягнула чатырохтысячнага надою малака ад каровы і стала адзінай прадстаўніцай свайго калгаса ў раённым клубе даярак-“чатырохтысячніц”. Для самой жанчыны гэта быў і ёсць вялікі гонар і прызнанне яе працоўных перамог, як і іншыя шматлікія ўзнагароды, атрыманыя за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі.

даяркі

Дэманструючы журналісту райгазеты ордэны Працоўнай Славы, Галіна Прамуза адзначыла, што па вазе яны такія ж цяжкія, як і была яе работа.

За шматгадовую плённую працу і асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі партрэт Галіны Прамуза сёння ўпрыгожвае Алею славы СВК “Калгас “Радзіма”, якую не так даўно адкрылі ў сельгаспрадпрыемстве.

– Вельмі ўдзячна адміністрацыі калгаса і яго старшыні Аляксандру ЛАПАЦЕНТАВУ за тое, што не забываюць былых работнікаў, – адзначыла Галіна Аляксандраўна. – Заўсёды памятаюць пра нас і запрашаюць на ўсе святы, аказваюць дапамогу, калі яна патрэбна.

Сёмы год ветэран працы знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Да гэтага часу яна трымае хатнюю гаспадарку: і курэй, і парасят, і нават яшчэ карова ёсць. Зразумела, што адной жанчыне ўжо не справіцца. У хатніх справах дапамагаюць сын і нявестка, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

– Мы ўсе родам з вёскі, прывыклі да працы і ніколі яе не баяліся, – звяртае ўвагу пенсіянерка. – Ні разу не пашкадавала, што столькі гадоў аддала сваёй працы. Старалася выконваць абавязкі добрасумленна, таму зараз, знаходзячыся на пенсіі, прыемна перабіраць узнагароды, старыя фотаздымкі. Такая настальгія… Здаецца, калі была б магчымасць, то пагадзілася паўтарыць усё зноў.

Марыя ШУT.

         Фота аўтара і

        з асабістага архіва

         Галіны Прамуза.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *