Уколы рэўнасці

У Вішоўскім СЦК і ВЧ адбылася прэм’ера спектакля па п’есе Леапольда РОДЗЕВІЧА “Конскі партрэт”, які паставіла рэжысёр Валянціна ПАЎЛОВІЧ.

сп1

Кожная прэм’ера ўдзельнікаў тэатральнага аб’яднання пры гэтай клубнай установе цікавая, уражвае сваімі асаблівасцямі, спосабамі падачы, рэжысёрскімі знаходкамі і характэрнымі персанажамі.

Сюжэт п’есы просты: гаспадар даведаўся, што ў яго жонкі з’явілася мянушка – Конскі партрэт. Першапачаткова на кпіны дарослых вяскоўцаў ён не звяртаў увагі, але калі з яго пацешылася суседскае дзіця, не сцярпеў. Пачаў пільней прыглядацца да сваёй палавіны і ўсё больш знаходзіў агульных рыс жончынага твару з конскай пысай. У нейкі момант гаспадару нават падалося, нібыта ў хаце замест абразоў святых вісяць конскія партрэты.

Толькі калі гаспадыня прызналася, што ў яе ёсць каханак і прыгразіла мужу разводам, у таго нечакана адкрываюцца вочы. Ён пачынае разумець, што ледзь не парушыў шлюб сваімі ўласнымі рукамі. Уколы рэўнасці вяртаюць яго да адэкватнага ўспрымання падзей.

сп3

Складаную, поўную трагізму і адначасова камізму, ролю небаракі-мужа, чыё меркаванне цалкам і поўнасцю залежыць ад насмешак суседзяў, бліскуча выканаў Уладзімір ЧУЖАЎКА. Ролю яго жонкі ўвасобіла Валянціна СЕЛЬВЯНКОВА, а яе каханка – Сяргей ГАНЧАРУК.

П’еса напоўнена трапным вясковым гумарам, фальклорнымі зваротамі, песнямі. Рэжысёр Валянціна Паўловіч увяла ў спектакль яшчэ некалькі дзеючых асоб: старасту, суседку, вясковых кабет, каб у гледача склалася выразнае ўяўленне пра жыццё заходнебеларускай вёскі ў пачатку 1920-х гадоў.

Тэма сямейных адносін заўсёды актуальная, таму спектакль выклікаў у гледачоў шмат пазітыўных эмоцый. А любімыя артысты, чый талент даўно прыйшоўся даспадобы вішоўскім аматарам тэатра, атрымалі заслужаныя апладысменты.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *