З 5 па 11 лістапада праваахоўнікі склалі 16 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 5 па 11 лістапада праваахоўнікі склалі 16 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 9, дробнае хуліганства – 2, сямейны скандал – 5.

Бязмежная сквапнасць. Жыхар Эсьмонаў патэлефанаваў у РАУС і паскардзіўся на “даўгарукага”, які скраў у яго 20 літраў машыннага масла, 100 літраў дызпаліва, лесвіцу і ланцуговыя пілы. Узбуджана крымінальная справа.

Дзе параніўся? 7 лістапада ў ЦРБ па меддапамогу звярнуўся мужчына з колата-рэзанай ранай грудной клеткі. Дзе чалавек атрымаў раненне, высвятляе РАСК.

А дзеці – галодныя. 8 лістапада ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што невядомы праз акно пранік у памяшканне дзіцячага садзіка ў аг. Галоўчын і скраў адтуль прадукты харчавання.

Сын “пагаспадарыў”. Жыхарка Галубоўкі патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паскардзілася на сына, які ў яе адсутнасць прадаў тэлевізар, інструменты і адзенне.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *