Адны на ўвесь пасёлак

Лясная дарога, акружаная дрэвамі і елкамі… Можна падумаць, што вось-вось будзе тупік, але, праязджаючы некалькі кіламетраў, адкрываецца прыгожы пейзаж пасёлка Пражэктар, што ў Запольскім сельсавеце. У першым доме злева жывуць Віктар і Вольга ІГНАТОВІЧЫ.

Безимени-1

У доме цёпла і ўтульна. Дзеці іх выраслі і раз’ехаліся, абзавяліся сем’ямі і прыязджаюць да бацькоў ужо са сваімі дзецьмі і ўнукамі. А Віктар Паўлавіч і Вольга Ціханаўна з нецярпеннем чакаюць кожную сустрэчу з роднымі.

Як распавяла гаспадыня, у 1958 годзе яны стварылі сям’ю.

– Я родам з Ананьеўкі, – пачала размову Вольга Ігнатовіч. – Гэта недалёка ад Пражэктара. А гаспадар мой нарадзіўся тут.

Паколькі іх населеныя пункты знаходзіліся побач, усё дзяцінства і маладосць Вольга Ціханаўна і Віктар Паўлавіч правялі разам. Можна сказаць, ведаюць адзін аднаго ўсё жыццё. Іх бацькі былі добра знаёмы паміж сабой, таму, калі дзеці вырашылі пажаніцца, яны былі толькі рады.

сем

Пасля вяселля Вольга Ціханаўна пераехала жыць да мужа. У пачатку вясны пачалі будаваць дом і ўжо ўвосень справілі наваселле.

– Паціху абжываліся, – успамінае Вольга Ціханаўна. – Неўзабаве сям’я стала расці: нарадзіліся дзве дачкі і два сыны.

Іх сям’і зайздросціў увесь пасёлак: у кагосьці былі адны дзяўчынкі, у некаторых – адны хлопчыкі. А Вользе Ціханаўне і Віктару Паўлавічу пашанцавала ўдвая. Былі і для маці памочніцы, і бацьку памочнікі.

– Дзеці раслі паслухмянымі, радавалі нас сваімі дасягненнямі, – дзеляцца ўспамінамі бацькі. – Ніколі не было за іх сорамна. Наадварот, заўсёды ганарыліся, што добра выхавалі.

Калі прыйшоў час пакінуць роднае гняздо, усе яны атрымалі адукацыю, уладкаваліся на працу, пабудавалі ўласнае жыллё.

– Сэрцы бацькоў заўсёды трывожацца за дзяцей, у якім бы ўзросце тыя не былі, – падкрэсліла Вольга Ігнатовіч. – Нам пашанцавала, што і дочкі, і сыны ў нас самастойныя, добра ўладкаваліся ў жыцці.

З гонарам расказваюць Ігнатовічы і пра сваіх унукаў, якіх у іх шасцёра. Усе паспяхова адвучыліся, знайшлі прафесію па душы, а некаторыя паспелі парадаваць дзядулю з бабуляй праўнукамі.

– У нас іх пакуль чацвёра, – гаворыць шчаслівая прабабуля.

Цікавую гісторыю распавяла дачка Тамара, якая гасцявала ў бацькоў:

– Аднойчы мы далі начлег цэламу аўтобусу людзей – больш за трыццаць чалавек. Гэта былі калегі нашай нявесткі з Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. У іх была цэнтралізаваная паездка ў Магілёўскую вобласць, і на зваротным шляху вырашылі заехаць у госці да нашых бацькоў.

– На вуліцы ўжо цямнела, – падтрымала размову Вольга Ціханаўна. – Куды было адпраўляць іх у далёкую дарогу на ноч гледзячы? Мы і прапанавалі ім застацца ў нас. Што было, тым і частавалі. І ежы ўсім хапіла, і месца. Галоўнае, што ўсё ад шчырага сэрца і з душой.

– Калегі нявесткі былі здзіўлены, наколькі ў яе гасцінная свякроў, – з усмешкай успамінае Тамара Віктараўна. – А мама наша ніколі не падзяляла дачок і нявестак, сыноў і зяцёў. Да ўсіх ставіцца аднолькава добра.

Таму нявесткі і зяці Вольгі Ціханаўны і Віктара Паўлавіча з задавальненнем наведваюцца ў вёску. Нягледзячы на тое, што лёс раскідаў сыноў і дачок па розных гарадах, на бацькоў ніводзін з іх не забываецца.

Вось ужо трэці год Вольга і Віктар Ігнатовічы жывуць у пасёлку адны. Так склалася, што два гады таму пайшоў з жыцця іх апошні сусед.

Тамара Віктараўна расказала, што не раз прапаноўвала бацькам пераехаць да яе ў Гомель, але станоўчага адказу так і не атрымала.

– Яны і чуць пра гэта не хочуць, – распавядае дачка. – Кажуць, што тут іх малая радзіма, якую яны не пакінуць ні пры якіх абставінах.

Нягледзячы на тое, што за імі замацаваны сацыяльны работнік, пенсіянеры ўсё роўна імкнуцца ўсё рабіць самастойна. Віктар Паўлавіч яшчэ і вады сам прынясе, і дроў. Вольга Ціханаўна, у сваю чаргу, у доме прыбярэ, летам – агарод дагледзіць. Дарэчы, парадак у доме ідэальны. На месцы гаспадыня не сядзіць. Напрыклад, нядаўна пафарбавала ўсе крэслы.

Да таго, што ў пасёлку акрамя іх нікога няма, пенсіянеры прывыклі. Пра мясцовыя навіны даведваюцца ад сацработніка і паштальёна, раённыя “прывозіць” прадавец аўтамагазіна, які прыязджае некалькі разоў на тыдзень прама да хаты Ігнатовічаў.

– З такімі ўмовамі жыць ды жыць, – смяецца Вольга Ціханаўна. – Прыемна, што ў нашай краіне пенсіянерам надаюць асаблівую ўвагу. Дзякуючы такой падтрымцы і дапамозе мы можам правесці старасць там, дзе нарадзіліся, нават нягледзячы на тое, што засталіся ўдваіх на ўвесь пасёлак.

Марыя ШУТ.

          Фота аўтара

          і з уласнага архіва

            сям’і Ігнатовічаў.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *