Вопыт адшліфоўваецца гадамі працы

БарановаУ настаўніцы матэматыкі Раісы Баранавай больш за трыццаць гадоў стажу ў сферы адукацыі.

 Сваю педагагічную дзейнасць яна пачала ў Алешкавіцкай школе, затым, пасля яе закрыцця, вучыла дзетак у Навасёлках. А з 1987 года дзеліцца сваімі багатымі ведамі з вучням Цяхцінскага ВПК ДС СШ.

На выбар прафесіі паўплывала любоў да матэматыкі, якую прывілі ёй настаўнікі Эсьмонскай школы, дзе ў свой час вучылася яна сама.

– Заўсёды глядзела на сваіх педагогаў і разумела, што хачу знайсці сабе такую працу, каб любіць яе так, як гэта атрымлівалася ў іх, – адзначыла Раіса Дзмітрыеўна. – І мара спраўдзілася. Рада, што маю магчымасць прыносіць карысць вучням, прывіваць цікавасць да матэматыкі. Для мяне гэта самае галоўнае як для настаўніка.

З году ў год вучні Раісы Баранавай прымаюць удзел у розных алімпіядах і конкурсах. Акрамя гэтага, некаторыя з іх навучаюцца ў вочна-завочнай школе, якая дзейнічае на базе абласнога цэнтра творчасці. Шэсць разоў у навучальным годзе вучням гэтай школы дасылаюць кантрольныя работы. Калі ўсе заданні зроблены правільна, рабят запрашаюць для ўдзелу ў наступным абласным этапе на вочнай аснове.

– У апошні час сталі ўдзельнічаць у інтэрнэт-праекце “Інтэлектуальны марафон па матэматыцы “Школа геніяў”, – расказвае Раіса Баранава. – Ён праводзіцца для вучняў 5 і 6 класаў з мэтай стварэння спрыяльных умоў для развіцця таленавітых дзяцей праз сістэму дыстанцыйнага навучання шляхам іх уключэння ў конкурсны рух. У мінулым навучальным годзе ў абласным адборачным туры прымала ўдзел мая вучаніца Дзіяна НІКІЦЁНАК.

Па словах настаўніцы, у яе рабоце трэба пастаянна самаўдасканальвацца:

– Мне нельга прыйсці на ўрок непадрыхтаванай. Дзеці зараз не такія зацікаўленыя, як раней. Іх трэба чымсьці прыцягнуць, здзівіць, каб на ўроку ім было цікава і пазнавальна.

Дарэчы, не толькі вучні актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, але і сама настаўніца. Напрыклад, напрыканцы мінулага навучальнага года Раіса Баранава прыняла ўдзел у абласным конкурсе метадычных распрацовак “Вернісаж педагагічных ідэй” у намінацыі “Сучасны ўрок”, які праводзіўся сярод настаўнікаў матэматыкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Месяц таму былі аб’яўлены пераможцы. Раіса Баранава ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені абласнога Інстытута развіцця адукацыі.

– Раіса Дзмітрыеўна – нястомная працаўніца, – характарызуе настаўніцу матэматыкі завуч Цяхцінскага ВПК ДС СШ Лілія ДУДКІНА. – Яна шмат увагі надае самападрыхтоўцы, сістэмнасці. У матэматыцы, як у спорце, – без пастаяннай трэніроўкі дасягненняў не будзе.

Завуч таксама адзначыла не толькі ўменне Раісы Баранавай індывідуальна падыходзіць да кожнага вучня, але і яе цярпенне, вытрымку, настойлівасць, веру ў магчымасці кожнага вучня.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *