У малой зале РЦК адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам Васілём НАЙДЗІНЫМ

У малой зале РЦК адбылася творчая сустрэча з нашым земляком, пісьменнікам Васілём НАЙДЗІНЫМ.

Васіль Іванавіч хоць і жыве ў Мінску, але часта наведвае сваю малую радзіму. А гэтым разам завітаў з двайной нагоды: яшчэ і на прэзентацыю сваіх кніг, якія нядаўна выйшлі з друку, – “Анюціны вочкі” і “Матрошкі з малаткамі”. Аснову іх складаюць лірычныя апавяданні, сатырычныя замалёўкі паводле вядомых анекдотаў, гумарэскі, жарты, жыццёвыя гісторыі, якія аўтар збірае на працягу многіх гадоў. Васіль Іванавіч, дарэчы, прызнаўся, што хутка з друку выйдзе яшчэ адна кніга.

Падчас прэзентацыі яго творчасці, арганізаванай супрацоўнікамі раённай бібліятэкі, пісьменнік дзяліўся з прысутнымі шчырымі ўспамінамі аб гадах сваёй маладосці. Ён расказаў і аб пачатку ўласнага творчага шляху, калі ў час тэрміновай службы ў арміі актыўна супрацоўнічаў з газетай “На страже Балтики”.

Жаданне пісаць не пакінула яго і па вяртанні ў Бялынічы. Васіль Найдзін з цеплынёй успамінаў гады працы ў райгазеце “Зара камунізму”. На той час там дзейнічала літаб’яднанне, у склад якога ўваходзілі Уладзімір СЕРЫКАЎ, Алег ПЛІНДОЎ, Рыгор ЯЎСЕЕЎ…

Менавіта ад іх малады журналіст і пісьменік набіраўся жыццёвага і творчага вопыту. Таксама ён прыгадаў страшэнную трагедыю, якая адбылася ў Бялынічах на пачатку 1960-х гадоў. Тады гарэў будынак манастыра, у якім знаходзіліся школа, архіў, бібліятэка… Наш зямляк падзяліўся з бібліятэкарамі і рэдакцыяй раёнкі рэдкім фотаздымкам манастыра, які датуецца 1917-м годам.

Цёплыя словы падзякі за творчасць і цікавую сустрэчу выказаў сябар і былы калега Васіля Найдзіна – Васіль ДЗЕРАВЯШКА. Ён пажадаў яму поспехаў у творчасці і агучыў ідэю, каб творы аўтара былі перакладзены на замежныя мовы.

Словы ўдзячнасці за цеснае супрацоўніцтва і дапамогу жыхарам дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў выказала культарганізатар гэтай установы Вольга НІКАЛАЕНКА.

Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз Васіль Найдзін атрымаў ад удзельнікаў народнага тэатра мініяцюр “Імпульс”. Яны паказалі на сцэне ўрыўкі гумарыстычных твораў з новых кніг земляка. А кіраўнік тэатральнага калектыву Таццяна ЧАЧУРА ўручыла пісьменніку жартоўны медаль і кветкі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *