Праверылі Кадзінскі сельвыканкам
Праведзеная Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці праверка Кадзінскага сельвыканкама Магілёўскага раёна выявіла шматлікія парушэнні заканадаўства.
Кантралёры ўстанавілі 75 выпадкаў невыканання грамадзянамі ўмоў прадастаўлення ім зямельных участкаў, у 18 яны іх нават не занялі, у 57 – парушылі тэрміны будаўніцтва жылых дамоў. Пры гэтым сельвыканкамам меры рэагавання па “даўгабудах” не прымаліся.
Некаторыя ўмудрыліся пабудаваць жыллё з дзяржпадтрымкай у абласным цэнтры і атрымаць для гэтых жа мэт зямельныя ўчасткі без удзелу ў аўкцыёне.
Таксама выяўлены парушэнні пры фарміраванні пераліку свабодных (незанятых) зямельных участкаў, незабеспячэнне належнага парадку на землях агульнага выкарыстання.
Матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы, мясцовым органам улады ўнесены прапановы па ліквідацыі парушэнняў, 2 службовыя асобы сельвыканкама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Аляксей ІГЛІКАЎ,
намеснік старшыні
Камітэта дзяржкантролю
Магілёўскай вобласці.