Працавітасць перадалася па спадчыне

Кажуць, што генійгэта 1 працэнт таленту і 99 працэнтаў упартай працы. Напэўна, тое ж можна сказаць і пра добрага гаспадара. Кожны дзень з году ў год трэба затрачваць сілы і час, каб хатняя гаспадарка прыносіла і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. Жыхар Бялынічаў Вячаслаў МАТЛОХ на ўласным вопыце ведае, як гэта робіцца.

Вось ужо некалькі дзясяткаў гадоў Вячаслаў Мікалаевіч займаецца развядзеннем трусоў. Як толькі пабудаваў уласны дом і пераехаў у яго, адразу ж завёў пушыстых звяркоў распаўсюджанай пароды “Матылёк”.

– Мой бацька быў вельмі працавітым чалавекам, шмат часу займаўся развядзеннем трусоў, – распавядае Вячаслаў Матлох. – У яго з дзяцінства і вучыўся азам гэтай справы. Бацькаў вопыт, такім чынам, стаў добрай падставай для ўласнага пачынання.

Зараз Вячаслаў Мікалаевіч вырошчвае даўгавухіх у асноўным пароды “Бельгійскі велікан”, альбо “Фландр”. Гэта адна з найстарэйшых і прызнаных парод у свеце, акрамя таго, самая буйная. Трусы важаць у сярэднім 8 кілаграмаў, а некаторыя – да 12.

Мінулай вясной у трусятніках гаспадара налічвалася 150 жывёл, а ўвосень іх засталося 45. Набываюць у асноўным для развядзення ці на мяса. Яно, па словах Вячаслава Мікалаевіча, вельмі каштоўнае і карыснае, асабліва для маленькіх дзетак, старых, хворых на дыябет.

Безумоўна, жывёла патрабуе да сабе пастаяннай і пільнай увагі. Яе неабходна прышчэпліваць ад інфекцый – зараз распаўсюджаны мікоз, сачыць за чысцінёй клетак, кармушак і паілак. Бо трусы  вельмі ахайныя, дрэнна пераносяць забруджанасць. Акрамя таго, іх лапкі заўсёды павінны быць сухімі.

– Кожны дзень, калі прыходжу з працы, спяшаюся да сваіх падапечных, – кажа Вячаслаў Мікалаевіч. – На клопаты аб падсобнай гаспадарцы траціцца амаль што ўвесь вольны час. Шмат дапамагае жонка Людміла Іванаўна. Дзеці – сын і дачка – параз’ехаліся, таму спраўляемся ўдваіх.

Дарэчы, жыллё для сваіх гадаванцаў Вячаслаў Матлох пабудаваў сам. Як прызнаецца, хацелася зрабіць усё па агульных стандартах, каб і жывёле было ўтульна, і самому зручна яе даглядаць. Таму абапіраўся на дадзеныя з часопісаў, прысвечаных трусагадоўлі. Цяпер у кожнай асобнай прасторнай і ўтульнай клетцы жывуць па 4-5 жывёлін, пры неабходнасці можна змясціць да 7.

Рацыён пушной жывёлы ўключае ў сябе траву і зерне летам, а сенам і камбікормам яны частуюцца ўзімку. Ядуць таксама і яблыкі, і гародніну, любяць адварную бульбу. Каб вазіць траву, нават прыйшлося набыць матаблок.

– У красавіку чакаю прыбаўлення, –  адзначае гаспадар. – Прыносіць кожная самка ў сярэднім да 8 дзетак, аднойчы нават было 11.

Трусагадоўля – не адзінае хобі ў жыцці Вячаслава Мікалаевіча.

– Паляваннем захапляюся з 1984 года, – распавядае ён. – Гэты занятак таксама пераняў ад бацькі. Трымаю дзве руска-еўрапейскія лайкі. Але для мяне паляванне не промысел, хутчэй, занятак для душы.

Паляўнічы падзяліўся з карэспандэнтам райгазеты і сваёй марай: набыць фотаапарат і пачаць здымаць усё самае прыгожае і незвычайнае, што ён заўважае ў навакольнай прыродзе.

Займаецца Вячаслаў Матлох яшчэ і пчалярствам. 25 вулляў утульна размясціліся непадалёку ад яго прыватнага ўчастка.

– Лічыцца, каб пчолы прыносілі шмат мёду, трэба качаваць з імі. Пакуль што часу на гэта не хапае, але з выхадам на пенсію спадзяюся пачаць і такую практыку, – падкрэсліў пчаляр. – Амаль што ўвесь атрыманы мёд – кветкавы, вельмі смачны. Дарэчы, сёлета  яго не багата – паўздзейнічала надвор’е.

Акрамя клопатаў па дамашняй гаспадарцы, Вячаслаў Мікалаевіч заняты на працы – ён аператар кацельні ў Бялыніцкім цэху па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка”.

– Да справы, якой займаешся, павінна ляжаць душа. Іначай і вынікі будуць не тыя, і асалоды не атрымаеш. Але да гэтага абавязкова павінна далучыцца працалюбства. На маю думку, менавіта яно дае чалавеку вытрымку і сілы, а падтрымка родных дапамагае справіцца з цяжкасцямі любых маштабаў, – падвёў вынік нашай гутаркі Вячаслаў Мікалаевіч.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

 

Print Friendly, PDF & Email