Старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ праінспектаваў арганізацыю працы жывёлагадоўчых комплексаў і ферм

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ праінспектаваў арганізацыю працы жывёлагадоўчых комплексаў і ферм ва ўмовах зімова-стойлавага рэжыму ўтрымання статкаў ААТ “Аграсэрвіс”, “Бялынічы”, сустрэўся з працоўнымі калектывамі жывёлаводаў.

Падчас маніторынгу МТК у вёсцы Адверніца ААТ “Аграсэрвіс”, удзел у якім прынялі таксама начальнік райсельгасхарчу Дзяніс КЕЙЗЕРАЎ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Віктар ШЧУПЛЯНКОЎ, кіраўнікі і спецыялісты адпаведных раённых служб, увага была звернута на захаванасць тэхналогіі расстаноўкі, догляду і кармлення, выяўленне і лячэнне хворай жывёлы, падрыхтаванасць вытворчых памяшканняў, выкананне даведзеных заданняў па вытворчасці малака і забеспячэнні сярэднясутачных прываг. А гэта акурат тое, што з’яўляецца складнікамі заработнай платы аператараў машыннага даення, даглядчыкаў.

Нягледзячы на тое, што папярэдне дырэктару таварыства Сяргею ЧАЛНАКОВУ былі дадзены канкрэтныя рэкамендацыі і даручэнні па навядзенні парадку на адверніцкім малочна-таварным комплексе, на момант правядзення маніторынгу яны былі не выкананы.

Шмат нараканняў выклікала сістэма расстаноўкі жывёлы, забяспечанасць гадаванцаў пітной вадой.

–Такога бедламу, – адзначыў Анатоль Шчуплянкоў, – нельга пабачыць нават у самай дрэннай гаспадарцы! Ёсць жа тэхналогіі, вядомыя і патрабаванні рэгламентаў. Чаму ўсё гэта не захоўваецца на комплексе, дзе ўсюды пануе безгаспадарчасць? Куды вы гледзіцё, дырэктар гаспадаркі, загадчык комплексу, спецыялісты? Што асабіста вы, Сяргей Леанідавіч, зрабілі для таго, каб выканаць дадзеныя вам рэкамендацыі і выкараніць усю гэту безгаспадарчасць? Няўжо так цяжка правільна расставіць жывёлу, выгарнуць гной ды падсцяліць саломай ці пілаваннем стойлы, каб тая знаходзілася ў сухім?

Ні Сяргей Чалнакоў, ні загадчык комплексу Рыма БЕЛАЯ на гэтыя пытанні не прывялі ніякіх аргументаў у апраўданне сваёй бяздзейнасці. Праўда, аднекуль з цемры вытворчага памяшкання данеслася ледзь чутнае:

–Чалавечы фактар вінаваты…

З гэтае заўвагі вынікае, што ва ўсім тым беспарадку вінаватыя толькі работнікі комплексу. Аднак гэты славуты “чалавечы фактар”, як думаецца, мае і сваю ранжыроўку, бо рыба, як вядома, гніе з галавы, але чысцяць яе чамусьці з хваста.

У дапушчанай безгаспадарчасці на МТК у вёсцы Адверніца значную долю займае найперш “чалавечы фактар” кіраўніка таварыства і адпаведных спецыялістаў гаспадаркі, як і раённых служб таксама, загадчыка комплексу, ну і, вядома ж, саміх выканаўцаў работ, якіх трэба арганізаваць, канкрэтна нацэліць на выкананне пастаўленых задач і забяспечыць іх для гэтага ўсім неабходным. І даходліва тлумачыць пры гэтым яшчэ і тое, што велічыні іхніх заробкаў наўпрост залежаць ад прадукцыйнасці працы кожнага і ўсіх разам. А пры скупых чатырох літрах сярэднясутачнага надою малака ад каровы будзе, канечне, і адпаведная зарплата. Бо адкуль узяць грошай на большую?

Дарэчы, калі гаворыцца аб забеспячэнні работнікаў дзеля выканання пастаўленых перад імі вытворчых задач усім неабходным, то маецца на ўвазе, у дадзеным выпадку, не толькі назапашанасць неабходнай колькасці якасных кармоў, дабавак да іх, своечасовае выдаткаванне жывёле збалансаванага рацыёну і інш., але і ўмовы працы.

МТК у Адверніцы – сучасны тэхналагічны комплекс па вытворчасці малака. Але ўсім было вельмі няёмка выслухоўваць скаргі аператараў машыннага даення адносна таго, што тыя вымушаны працаваць у холадзе, пастаянна мерзнуць іхнія ногі, бо да кацельні не падвезены дровы і ў даільны цэх не падаецца цеплыня.

Яшчэ адзін паказальны прыклад безгаспадарчасці, неразваротлівасці і раўнадушнасці. На комплексе выяўлена некалькі дзясяткаў кароў, хворых на масціт. Да лячэння іх яшчэ не прыступілі, бо аптэкар раённай ветаптэкі знаходзіцца на бюлетэні.

–А што, да Магілёва пяць тысяч кіламетраў? – задае Сяргею Чалнакову і галоўнаму ўрачу райветстанцыі Сяргею АЛІМСКАМУ  рэзоннае пытанне Дзяніс Кейзераў.

У адказ – маўчанне. Што ж, калі няма чаго сказаць, то, мабыць, лепей проста памаўчаць.

Падчас маніторынгу МТК у вёсцы Адверніца выяўлены і недахопы па вядзенні адпаведнай дакументацыі, а сам загадчык яго дрэнна арыентавалася ў паказчыках. У прыватнасці, парадаксальным выглядае тое, што калі каровам выдаткоўвалі камбікорм, надоі не павялічваліся ці нават скарачаліся. Цяпер жа цягам чатырох дзён, на працягу якіх у рацыёне кармлення дойнай жывёлы адсутнічае мука, з дакументаў вынікае, што назіраецца прыбаўка па атрыманні сырадою.

Рыма Белая патлумачыла, што кіруе калектывам комплексу нядаўна і тут жа яшчэ працуе тэхнікам-асемянатарам жывёлы, таму загружана працай. Аднак высветлілася, што за лістапад ёй былі штучна асемянёныя толькі 17 кароў.

Па выніках сустрэчы з калектывам МТК у вёсцы Адверніца Анатоль Шчуплянкоў распарадзіўся, каб назаўтра ўсе выяўленыя тут парушэнні і недахопы арганізацыі працы ва ўмовах зімова-стойлавага рэжыму ўтрымання жывёлы былі выпраўлены. І ў чарговы раз дапамогу работнікам ААТ “Аграсэрвіс” акажуць калектывы шэрагу арганізацый Бялынічаў.

Назаўтра на МТК з самае раніцы працавалі прадстаўнікі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, жылкамгаса, райветстанцыі… Яны наводзілі парадак у вытворчых памяшканнях і на тэрыторыі комплексу, сартавалі жывёлу, уцяплялі цялячы прафілакторый, пракладвалі сістэму водапаення ў цэху ўтрымання БРЖ… Дарэчы, і дровы былі падвезены да кацельні комплексу.

Цяпер бы калектыву яго не запусціць усё тое, што зроблена агульнымі сіламі. Але веры ўжо няма. Застаецца толькі нясмелая гарантыя кіраўніцтва ААТ “Аграсэрвіс” належным чынам арганізаваць функцыяванне жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі ў зімова-стойлавы перыяд. А фактарам рызыкі па-ранейшаму застаецца няўменне ці нежаданне яго па-гаспадарску распараджацца ўсімі наяўнымі рэсурсамі.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

         Фота аўтара.

      

Print Friendly, PDF & Email