Зніклая вёска Заграшэўе

Населеныя пункты зяўляюцца і знікаюць, растуць і памяншаюцца, набываюць адны і губляюць іншыя функцыі. Але са знікненнем нават самай маленькай вёскі не павінна адысці ў нябыт памяць пра яе і людзей, якія жылі ў ёй.

Вёска Заграшэўе месцілася на заходняй ускраіне сучаснага Бялыніцкага раёна, непадалёку ад гідралагічнага заказніка “Заазер’е”, паміж вёскамі Барсукі і Забалоцце. З трох бакоў паселішча акружалі балоты. Заехаць у Заграшэўе можна было толькі па гаці ад вёскі Барсукі, а ўвесну і ўвосень патрапіць сюды было вельмі складана.

Перад Першай сусветнай вайной гэтымі землямі валодаў граф ПАТОЦКІ, які прадаў частку ўгоддзяў сялянам. Самым першым пакупніком стаў Якаў РАМАНОВІЧ, які ўсё сваё жыццё збіраў грошы на куплю ўласнага надзела зямлі. Ён перавёз сюды сваю сям’ю – жонку Таццяну, трох дачок і сына – з вёскі Цярэсіна, што цяпер знаходзіцца ў Бярэзінскім  раёне.

Якаў Алімпавіч пражыў доўгае і цяжкае жыццё, падчас якога адбылося шмат эпахальных падзей: перажыў адмену прыгоннага права ў лютым 1861 года, трох цароў, некалькі рэвалюцый і дзве сусветныя вайны, радаваўся поспеху савецкіх людзей, якія пакарылі космас. Памёр першы жыхар Заграшэўя ў 1962 годзе.

Пасля яго на суседніх участках пасяліліся сем’і ШАГРАЙ, БУКАТЫЯ, РАМАНОВІЧЫ і РАПІНСКІЯ. Перасяленцы вырашылі назваць новую вёску Заграшэўе, таму што купілі сваю зямлю за ўласныя грошы.

У хуткім часе паселішча разраслося да 30 дамоў: дзяцей нараджалася шмат, яны вырасталі і стваралі свае сем’і, будавалі хаты. Каля Заграшэўя было некалькі хутароў, але падчас калектывізацыі хутаранцы перабраліся ў вёску.

Жыхары Заграшэўя працавалі ў калгасе “Чырвоны араты”, цэнтральная сядзіба якога знаходзілася ў Барсуках. Там была і пачатковая школа, у якой дзеці вучыліся з першага па чацвёрты класы, з пятага па сёмы яны наведвалі школу ў Кіраўцы, а сярэднюю адукацыю атрымлівалі ў Заполлі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе мужчыны з вёскі пайшлі на фронт, а Заграшэўе стала партызанскай зонай. У пачатку сакавіка 1944 года прыляцеў фашысцкі самалёт і стаў скідваць на вёску бомбы. Яе жыхары пабеглі ва ўрочышчы Курані – там пасярод балота быў астравок, на якім вяскоўцы выкапалі зямлянкі і хаваліся ад фашыстаў і паліцаяў. Разам з іншымі ратавалася і Ганна Рамановіч з маленькай унучкай Алай. Калі самалёт іх наганяў, Ганна Архіпаўна хавала дзяўчынку пад сябе, а зверху накрывалася вялікім белым абрусам. Тканіна злівалася са снегам, які яшчэ не растаў, і лётчык не мог заўважыць дзвюх уцякачак. Так яны засталіся ў жывых, а некаторыя аднавяскоўцы загінулі, у вёсцы згарэла шмат дамоў.

У 1950-х гадах шмат заграшэўцаў выехала пакараць цаліну ў Казахстан, асвойваць новыя землі ў Карэлію. Хтосьці перабраўся ў Бялынічы, Магілёў і Мінск.

 

Да 1973 года ў вёсцы засталіся тры жылыя дамы. Самым апошнім перавёз сваю сям’ю і хату ў Бялынічы пенсіянер Мікалай РАМАНОВІЧ. Цяпер тут нішто не нагадвае пра тое, што калісьці ў вёсцы Заграшэўе віравала жыццё.

                             Маргарыта ЛАШКЕВІЧ,

                             вучаніца 11 класа СШ № 1

            імя М. І. Пашкоўскага.

Print Friendly, PDF & Email