Асцярожна! Фальшывыя грошы!

Гісторыя чаканкі манет і друкавання банкнот – гэта пастаянная барацьба з падробкамі.

Ва ўсім свеце падробка грошай караецца строга, а часам і жорстка, як самае цяжкае дзяржаўнае злачынства.

Напрыклад, у ЗША фальшываманетчыкі могуць быць асуджаны да 15 гадоў турмы, у Даніі – да 12 гадоў.

У Беларусі крымінальная адказнасць за выраб, захоўванне або збыт падробак прадугледжана артыкулам 221 Крымінальнага кодэксу РБ у выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўлення яе на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Тыя ж дзеянні, зробленыя паўторна, альбо арганізаванай групай, альбо ў асабліва буйным памеры, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца асобы, якія дасягнулі на момант злачынства 16-гадовага ўзросту.

Школьнікі, якія займаліся вырабам і збытам фальшывых грошай, і не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, таксама не пазбегнуць пакарання. У адпаведнасці з арт. 9.4 КаАП РБ прадугледжаны штраф бацькам памерам да 10 бв за невыкананне абавязкаў па выхаванні непаўналетніх дзяцей. У выпадку паўторнага фальшываманецтва штраф на бацькоў складзе ад 10 да 20 бв. Таксама юны фальшываманетчык ставіцца на ўлік у ІСН.

У Беларусі штогод супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выяўляюць каля 2 тысяч фактаў падробкі грошай. Нярэдка рэгіструюцца выпадкі падробкі беларускіх рублёў. Сёлета на тэрыторыі нашага раёна выяўлены два факты збыту падробленых 50-рублёвых банкнот.

Прыкметы падробленых грошай:

— звычайная папера,

— пад дзеяннем вады размываецца малюнак,

— адсутнічае выява, бачная толькі на прасвет,

— пазнака для людзей з аслабленым зрокам не ўспрымаецца навобмацак,

— калі банкноту сагнуць, з’яўляецца белая паласа, г.зн., на ёй абсыпаецца фарба.

Што рабіць, калі падробка апынулася ў вас?

Часта пацярпелыя асцерагаюцца падаваць заяву ў міліцыю аб тым, што іх ашукалі. Тлумачыцца гэта няведаннем асаблівасцей адміністрацыйнага заканадаўства, у адпаведнасці з якім правапарушэннем лічыцца завершаная здзелка. Калі з чалавекам разлічыліся фальшыўкай, то ён прызнаецца ахвярай махлярства.

Таму ў мэтах не толькі эканамічнай, але і асабістай бяспекі, лепш не ўдзельнічаць у здзелках, якія не выклікаюць даверу.

Калі ж вы, вашы блізкія або сябры атрымалі падробленыя грошы, не бойцеся звяртацца ў міліцыю. Усё роўна купюры будуць страчаны, паколькі фальшыўкі выводзяцца з абароту без кампенсацыі, а вы можаце дапамагчы праваахоўнікам. Ні ў якім разе не спрабуйце збыць купюру, інакш будзеце прыцягнуты да адказнасці. Для зніжэння рызыкі атрымання фальшыўкі валюту заўсёды варта купляць толькі ў пунктах абмену.

Яўген МАЦВЕЕНКА,

старшы оперупаўнаважаны ГБЭЗ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email