Даходная творчасць, або Як рэалізаваць сябе ў захапленні

Прыняты кіраўніком дзяржавы Указ №337 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці фізічных асобпрадаставіў магчымасць многім жыхарам Бялыніччыны знайсці сябе ў любімай справе.

Адна з тых, хто не пабаяўся на аснове свайго захаплення распачаць уласны бізнес, бялынічанка Алена ДАШКЕВІЧ.

Яе занятак даволі спецыфічны – маладая жанчына занялася вырабам сувенірнага мыла. Звычайнае можна знайсці ў любым магазіне, і купіць у любой колькасці. А калі мыла, напрыклад, у выглядзе снегавіка, пірожанага, лялькі, кашалька з грашыма ці…фотаздымка? Такі падарунак будзе не толькі карысны, але і небанальны.

Думка аб тым, каб паспрабаваць сябе ў вырабе прыгожага мыла, зарадзілася тады, калі пабачыла яго ў інтэрнэце. Менавіта з глабальнай павуціны Алена Анатольеўна даведалася, як і з чаго яно робіцца, а таксама там заказала ўсе неабходныя складнікі і паспрабавала зрабіць мыла сваімі рукамі.

– Занятак гэты не зусім танны, – распавядае Алена. – Сыравіна высокай якасці мае і немалы кошт. Да таго ж, у першы раз у мяне нічога добрага не атрымалася. Але гэта не расчаравала, а, наадварот, падбадзёрыла. Часу на захапленне хапала, бо знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку.

Алена не спынялася, працягвала свае эксперыменты, штудзіравала інтэрнэт і, нарэшце, мыла пачало атрымлівацца такім, якім рукадзельніца і хацела яго бачыць.

Пасля таго, як дэкрэтны адпачынак скончыўся і паўстала пытанне аб уладкаванні на працу, яна завітала ў падатковую службу, дзе аформіла на сваю дзейнасць неабходныя дакументы.

– Пачынаць справу з нуля, думаю, усім страшнавата, – адзначае Алена Дашкевіч. – Па сваёй спецыяльнасці – эканаміст – у мяне была магчымасць уладкавацца на працу, але захапленне ўсё ж узяло верх. Больш за год займаюся вырабам мыла і ніколькі не шкадую. Муж і маленькі сынок Мацвей падтрымліваюць маё пачынанне. У сам працэс, вядома, не ўмешваюцца, але да іх парад прыслухоўваюся: з боку заўсёды відаць недаробкі.

Сувенірнае мыла, якое робіць рамесніца, мае такія ж уласцівасці, як і звычайнае. Тэрмін яго прыдатнасці невялікі – 12 месяцаў. А калі ў мыла дадаздены натуральныя інгрэдыенты, то яшчэ меншы. Але попытам у пакупнікоў яно карыстаецца, і па словах Алены Дашкевіч, выраб яго пачаў прыносіць прыбытак.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

           Фота аўтара

      і з архіва

      Алены Дашкевіч.

Print Friendly, PDF & Email