Пакінуць спадчыну нашчадкам

Выходзячы на заслужаны адпачынак, хтосьці прысвячае час сваім захапленням, нехта спрабуе “навярстаць” маладосць, а магіляўчанка Рыма ДАНІЛЬЦАВА адгарнула чарговую старонку свайго жыцця для родных і блізкіх – стварае дамашні музей у бацькоўскай хаце ў вёсцы Нежкаў. Каб помнілі, каб не адракліся сваіх каранёў…

Усё пачалося са звычайнага рамонту. У хаце ад часу пачалі трухнець дзве веранды, таму Рыма Кірылаўна задумала іх перарабіць. Адну прыстасаваць для гаспадарчых патрэб, а другую, каб не пуставала, – адвесці пад музейны пакой.

– Самыя цікавыя ідэі заўсёды прыходзяць да мяне тады, калі ўсё навокал разварочана і раскідана, – усміхаецца жанчына. – Ад бацькоў засталося шмат рэчаў, якія сумленне не дазволіла мне вынесці на сметніцу. А яны ж, звычайныя калгаснікі, вырасцілі пяцёра дзяцей, далі нам усім вышэйшую адукацыю, адмаўлялі сабе ў многім дзеля таго, каб мы не мелі ні ў чым патрэбы. Тым больш, род Савіцкіх, да якога я належу, вельмі шматлікі. Хачу, каб дзеці, унукі і пляменнікі не забывалі – хто мы і адкуль нашы карані.

Сапраўды, на Вішоўскай зямлі Савіцкія пакінулі свой след.

З архіўных запісаў вядома, што стацкі саветнік Мікалай Савіцкі ў 1855 годзе валодаў сялом Нежкаў з млынам і сукнавальняй, 621 дзесяцінай зямлі.

Будынак фальварка знаходзіўся на беразе ракі Вабіч. Прыблізна на тым месцы пабудаваны дзіцячы садзік № 9 аг. Вішоў.

Родам Мікалай Юр’евіч са Шклоўшчыны. Згодна сямейных легенд, ён быў добрым чалавекам: калі ў мнагадзетнай удавы з Сіпайлаў загінула карова, прыслаў ёй 5 рублёў. На гэту суму яны купілі неблагую малочную карову і яшчэ крыху сена. Таксама памешчык выдаткаваў большую частку грошай на ўзвядзенне праваслаўнай Пакроўскай царквы ў в. Крукі і Петрапаўлаўскай, рэшткі якой захаваліся да сённяшніх дзён.

Дарэчы, па сведчаннях нашчадкаў сям’і Савіцкіх, Пакроўская царква дзейнічала да 1936 года, затым яе разабралі, а бярвенне пусцілі на будаўніцтва Вішоўскай сямігодкі.

У Нежкаў пераехаў і стрыечны брат Мікалая Савіцкага – Мікіта. Яго сын Іван – дзядуля Рымы Кірылаўны. Аднавяскоўцы дражнілі іх сям’ю Казакамі. Наконт паходжання мянушкі ёсць цікавая версія. Калі малодшая дачка Мікіты Савіцкага Марыя выходзіла замуж, на вяселле сабралася столькі родных, што адна трапная фраза: “Набегла вас, як казакоў – сем палкоў”, паклала аснову жартоўнаму прозвішчу некалькіх пакаленняў. Дарэчы, імёны Марыі і яе мужа Рыгора надоўга засталіся ў памяці нежкаўцаў. “Жывуць, як Грышачка з Марысечкай!”, – казалі пра тых, каму ўдалося стварыць шчаслівы шлюб.

З цеплынёй Рыма Кірылаўна ўспамінае сваіх бацькоў.

– Тата меў вялікі сад і з любоўю даглядаў яго, – гаворыць жанчына. – А маці навучыла мяне беражлівасці. Рэчы, якімі карысталіся бацькі, знайшлі сваё месца ў дамашнім музеі.

Калі Рыма выйшла на заслужаны адпачынак, адразу ж прывяла ў парадак стары сад і сядзібу, магілы родных людзей. Падчас рамонту на верандзе шмат будаўнічых работ выканала ўласнаручна. Суседзі пасмейваліся над ёй: маўляў, навошта траціць час і грошы, калі побач, у аграгарадку Вішоў, дзейнічае выдатны краязнаўчы музей. Але жанчына не прэтэндуе на вядомасць, бо робіць усё выключна для членаў сваёй сям’і.

Яшчэ яна заказала знаёмай мастачцы намаляваць на палатне вялікае родавае дрэва з партрэтамі нашчадкаў яе дзеда Івана.

Зараз знаёмыя часта завітваюць да яе ў госці, любуюцца дамашнім музеем. А некаторыя нават аддаюць эксклюзіўныя рэчы. Адзін з суседзяў-дачнікаў, Аляксандр ВАЙТОВІЧ, падарыў Рыме Данільцавай карціну з выявай Петрапаўлаўскай царквы, якую намаляваў сам.

 

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email