З выбарам прафесіі не пралічылася

У нашай новай рубрыцы чытайце артыкулы аб маладых людзях, якія звязалі сваё жыццё з вёскай. Мы ўпэўнены, што яны – маладыя і перспектыўныя – знаходзяць там заняткі сабе па душы, шчыра працуюць і ідуць да здзяйснення ўласных мар. А значыць, ім дакладна ёсць аб чым распавесці.

Карэспандэнт райгазеты паразмаўляла з галоўным аграномам ААТ “Аграсэрвіс” Анастасіяй СТАРАВОЙТАВАЙ, якая працуе тут ужо другі год.

– За гэты час шмат чаго змянілася ў маім жыцці: назапасіўся працоўны вопыт, з’явілася канкрэтнае разуменне не толькі пастаўленых перада мной задач, але і тэхналогіі іх выканання. Ведаю ўсе зямельныя ўгоддзі гаспадаркі, – распавядае Анастасія. – Агульны тэрмін працы па размеркаванні для мяне складае пяць гадоў, бо ў мяне мэтавае накіраванне.

У 2017 годзе Насця скончыла БДСГА па спецыяльнасці плодагароднінавод, а па размеркаванні патрапіла на пасаду галоўнага агранома ААТ “Аграсэрвіс”. Прызнаецца, што першым часам было даволі складана арыентавацца, але старэйшыя калегі не пакінулі маладога спецыяліста сам-насам: дапамагалі парадамі і начальнікі вытворчых участкаў, і кіраўніцтва, і работнікі бухгалтэрыі… Новы незнаёмы калектыў на справе аказаўся даволі надзейным.

– Будучую прафесію выбірала доўга, – кажа Анастасія Старавойтава, – але вучыцца было вельмі цікава, таму падабаецца працаваць і зараз.

Родам дзяўчына з Лебядзянкі, жыве ў аг. Іскра, дзе ёй выдзелілі пакой у інтэрнаце. Ён кватэрнага тыпу, таму, па сутнасці, Насця пражывае ў двухпакаёвай кватэры разам з суседкай. Гэта вельмі зручна і эканомна: аплачваюць толькі камунальныя паслугі.

Заробак, як прызналася Анастасія, у яе крыху вышэйшы за сярэдні па гаспадарцы.

Вельмі важна для маладога спецыяліста і баўленне вольнага часу.

– Да канца года робім справаздачы, таму зараз некалі адпачываць, – адзначае дзяўчына. – Але потым будзе лягчэй. Каб павесяліцца, у асноўным наведваем Бялынічы ці Магілёў.

У планах на будучыню ў Анастасіі Стравойтавай – застацца ў сваёй прафесіі і пасля адпрацоўкі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

 

 

 

Print Friendly, PDF & Email