Прыстрашыў радню…

У першай палове дня 31 ліпеня ў райадзел міліцыі паступіла паведамленне аб тым, што жыхар адной з вёсак Бялыніччыны абліў аўтамабіль сваяка бензінам і збіраўся падпаліць яго. 

А пачалося ўсё раніцай, калі К. добра выпіў і пайшоў рабіць хатнія справы. Раптам ён убачыў, што да яго дома пад’ехаў аўтамабіль жончынай сястры. Сваячка ўбачыла, што К. знаходзіцца “пад мухай” і пачала яго вучыць, як жыць і як весці сябе з жонкай. Паміж імі завязалася сварка. Да сястры далучылася і жонка К. Разгневаны мужчына вырашыў прыстрашыць надакучлівую радню і крыкнуў:

— Зараз спалю машыну, каб ты сюды болей не наведвалася.

Пасля гэтых слоў ён пачаў абліваць аўтамабіль бензінам, а жанчыны, напалоханыя нечаканым паваротам справы, пачалі адбіраць каністру і выклікалі міліцыю. На крык падбег уладальнік машыны — муж сваячкі, які хуценька перагнаў аўтамабіль на другі канец вёскі.

У судзе К. сваю віну поўнасцю прызнаў, і сведчыў, што толькі хацеў напалохаць сваяка, а падпальваць яго машыну нават не збіраўся. Была ў яго таксама і абцяжарваючая абставіна: ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Вось і атрымаў пакаранне ў выглядзе штрафу на 735 рублёў.

                                                                                          Таццяна КОЗЫРАВА,

                                                                                              старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email