Дзеля якаснай дапамогі пацыентам

Кожнаму чалавеку хоць раз на год даводзіцца звяртацца па дапамогу да медыкаў. Прыходзячы ў райпаліклініку, пацыенты разлічваюць на якаснае аказанне ім медыцынскіх паслуг. У сваю чаргу адміністрацыя бальніцы імкнецца стварыць усе ўмовы для іх, каб выздараўленне было максімальна хуткім і эфектыўным. У сувязі з гэтым штогод у ЦРБ з’яўляецца новае медабсталяванне. 2018 год таксама не стаў выключэннем. Галоўны ўрач Павел МАНЬКО расказаў журналісту райгазеты аб набытках адыходзячага года.

– Сёлета ў паліклініцы з’явілася новая стаматалагічная ўстаноўка Chirana Cheese, – сказаў ён. – Гэта сучасная тэхніка дазволіць якасна лячыць пацыентаў са стаматалагічнымі паталогіямі. Пакупка абышлася больш як у 23 тыс. руб. Частку затрачаных сродкаў пакрыла прэмія, якую атрымала ЦРБ за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе напачатку года.

Новае абсталяванне ўстаноўлена ў кабінеце ўрача-стаматолага Таццяны АСТАФ’ЕВАЙ.

Таццяна Георгіеўна – урач са стажам, сцвярджае, што высокатэхналагічнае абсталяванне для стаматолага – галоўная зброя. На папярэдняй устаноўцы яна адпрацавала больш за дзесяць гадоў, таму сёння ёсць з чым параўноўваць.

– Новае абсталяванне працуе толькі два тыдні, але яно выдатна зарэкамендавала сябе, – падзялілася ўражаннямі ад новай устаноўкі Таццяна Астаф’ева. – Тут і крэсла камфортней, і асвятленне лепшае, і, самае галоўнае, – ёсць падсветка на наканечніках, што дазваляе лепш бачыць тую вобласць, якую трэба саніраваць. Усё прадумана да дробязяў, таму камфортна і мне, і пацыенту.

Новы медпрыбор з’явіўся і ў кабінеце эндаскапіі. Цяпер там ёсць клепатар, які дазваляе спыняць страўнікава-кішачныя кравацёкі. Па словах Паўла Манько, для працы на новым апараце прайшоў навучанне ўрач-эндаскапіст Сяргей ПІНКОЎСКІ.

Ён расказаў, што пры правядзенні фібрагастрадуадэнаскапіі  ён бачыць сасуд, які краваточыць, і з дапамогай новага прыбора можа накласці кліпсу, і тым самым спыніць кравацёк.

– З пачатку года праведзены тры падобныя аперацыі, – расказаў Павел Манько. – Яны адносяцца да складаных медыцынскіх умяшанняў, але з дапамогай іх пацыент хутчэй ідзе на папраўку. Да гэтага часу ў бальніцы не было магчымасці рабіць пацыентам аперацыі падобнага тыпу.

За сродкі мясцовага бюджэту медыкі набылі аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, які працуе пры райпаліклініцы для аказання неадкладнай дапамогі з 8 да 20 гадзін шэсць дзён на тыдзень.

Галоўны ўрач патлумачыў, што неадкладная дапамога выязджае на выклік у тых выпадках, калі яна павінна быць аказана як мага аператыўней, каб паспець выратаваць пацыенту жыццё. Гэта такія хваробы, як гіпертанічны крыз, стэнакардыя, інфаркт міякарду, інсульт і іншыя.

– У службе неадкладнай дапамогі працуе вопытны фельчар Наталля БУРАЯ, – адзначыў Павел Манько. – Два гады яна адпрацавала ў аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі і больш за дваццаць гадоў –фельчарам аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, таму сваю работу ведае дакладна і выконвае яе добрасумленна.

Сама Наталля Мікалаеўна прызнаецца, што, нягледзячы на складаныя выезды, яна ніколі не губляецца:

– За час працы ў ЦРБ пабачыла ўсялякае, прыходзілася аказваць меддапамогу пацыентам з рознымі дыягназамі, таму сёння гатова да любога выкліку.

На грошы, выдзеленыя дзіцячым нямецкім фондам, з якім супрацоўнічае ЦРБ, прыдбалі мабільны бесправадны электракардыёграф і кардыёманітор. Першы быў набыты для аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі.

– Ён дазваляе аператыўна перадаваць кардыяграму пацыента на камп’ютар ЦРБ або адразу ж абласной бальніцы для аказання неадкладнай кардыялагічнай дапамогі, – распавёў Павел Аляксандравіч. – Звычайна, ён выкарыстоўваецца пры інфарктах міякарду, стэнакардыі напружання і іншых сардэчных захворваннях. Напрыклад, калі пры інфаркце пацыент стабільны, мы можам экстрана адвезці яго ў абласную бальніцу для стэнціравання каранарных артэрый.

А новы кардыёманітор прызначаны для дыягностыкі складаных захворванняў кардыялагічных, дыхальных парушэнняў і іншых. На ім у рэальным часе рэгіструюцца кардыяграма, артэрыяльны ціск, кантралюецца тэмпература цела пацыента і іншыя паказчыкі.

– Такі апарат дапамагае ўрачам пры лячэнні пацыентаў, якія знаходзяцца ў пагранічным стане і маюць патрэбу ў пастаянным кантролі медыцынскіх паказчыкаў, – адзначыў Павел Аляксандравіч.

Усё абсталяванне, набытае за бягучы год, уведзена ў эксплуатацыю, праверана ўрачамі на практыцы і актыўна выкарыстоўваецца ў лячэнні хворых.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email