Свяшчэнны доўг кожнага мужчыны

У мінулую суботу каля 9 тысяч ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і службы ў рэзерве ва ўсіх воінскіх часцях і падраздзяленнях Узброеных Сіл Беларусі прынялі  Ваенную прысягу. Яны ўрачыста пакляліся абараняць свой народ і краіну.

На гэту ўрачыстую цырымонію прыняцця навабранцамі Ваеннай прысягі, якая запамінаецца ім на ўсё жыццё, у воінскія часці, дзе тыя праходзяць тэрміновую ваенную службу, прыехалі родныя і блізкія, каханыя і сябры абаронцаў Айчыны. Узрушаных сустрэчай і ўрачыстым момантам гасцей пазнаёмілі з тэрыторыямі часцей, ваеннай тэхнікай, зброяй, экіпіроўкай вайскоўцаў, бытавымі ўмовамі іх. І шмат чым іншым. Таксама адбыліся гутаркі камандвання вайсковых падраздзяленняў з бацькамі ваеннаслужачых новага прызыву.

Пасля ўрачыстай цырымоніі прыняцця навабранцамі Ваеннай прысягі на іх адрас прагучалі пажаданні эфектыўнай баявой вучобы, стаць сапраўднымі мужчынамі, здольнымі абараніць нашу Радзіму.   

Ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных прыняццю Ваеннай прысягі новым папаўненнем 72-га гвардэйскага Аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых камандзіраў, прыняў удзел міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант               Андрэй Раўкоў, які выказаў упэўненасць у тым, што юнакі чарговага прызыву з гонарам пранясуць праз усю сваю службу слаўныя традыцыі абаронцаў Айчыны, апраўдаюць аказаны ім давер. 

Прыняцце Ваеннай прысягі заўсёды вельмі адказны крок у службе вайскоўцы і яго жыцці, бо тым самым ён прымае на сябе абавязак са зброяй у руках абараняць такія галоўныя каштоўнасці суверэннай і незалежнай Беларусі, як мір, спакой, стабільнасць у грамадстве. 

Міністр абароны Беларусі падчас сустрэчы з журналістамі таксама анансаваў магчымыя змены ва ўмовах прадастаўлення адтэрміноўкі ад службы ў арміі. 

– Па простых падліках, – сказаў  Андрэй Раўкоў, – каля 80 працэнтаў маладых людзей не атрымліваюць ваенна-ўліковую спецыяльнасць ва Узброеных Сілах пры прахаджэнні тэрміновай ці іншых відаў службы. Гэта ўплывае на стан абароненасці дзяржавы і абароназдольнасці яе. Таму тут мы бачым адзіны шлях – унясенне адпаведных змяненняў у заканадаўства па пытаннях прадстаўлення адтэрміноўкі. Канечне, гэта будзе не аб’ёмна, але з пэўнай ступенню неабходнасці, захавання прынцыпаў разумнай дастатковасці сацыяльнай абароны грамадзян.

Міністр паведаміў, што застануцца адтэрміноўшчыкі па сямейных абставінах, стане здароўя і некаторых іншых умовах, нагадаўшы, што змены ўносяцца і для таго, каб матываваць маладых людзей да службы ў войску.

Адначасова ваеннае ведамства краіны працуе і над павышэннем статуса ваеннаслужачага тэрміновай службы.

* * *

Пры Ваеннай акадэміі Беларусі пачаў службу і бялынічанін Дзмітрый ЦІХАНАЎ, які сёлета скончыў БДУ па спецыяльнасці “Журналістыка” і па мэтавым накіраванні прыехаў працаваць у рэдакцыю райгазеты “Зара над Друццю”. Але не надоўга. У хуткім часе Дзіму прыйшла павестка з ваенкамата.

І вось у мінулыя выхадныя ён урачыста прысягнуў на вернасць Радзіме. Падтрымаць маладога салдата прыехалі бацькі, сваякі і сябры.

Дарэчы, у суботу маці Дзімы – Наталлі Уладзіміраўне – уручылі дакумент на першае звальненне сына.

Далейшую службу ён будзе праходзіць у батальёне забеспячэння вучэбнага працэсу на палігоне “Белая Лужа”, дзе яго чакае пасада вадзіцеля.

…Наперадзе ў абаронцаў Айчыны, якія 15 снежня прынялі Ваенную прысягу, напружаная баявая вучоба, удзел у вучэннях, баявых стрэльбах, асваенне сучаснай тэхнікі, узбраення і, канечне ж, авалоданне сваёй воінскай уліковай спецыяльнасцю. Іначай і быць не можа, паколькі абарона Айчыны – свяшчэнны доўг кожнага грамадзяніна яе. Так было і будзе заўсёды.

Ваенную прысягу на пляцы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, што ва Уруччы, прыняў і бялынічанін Кірыл Парашкоў. Далей ён застаецца служыць у адным з падраздзяленняў Ваеннай акадэміі.

Павіншаваць юнака з прыняццем Ваеннай прысягі 15 снежня прыехалі ва Уручча яго бацькі, сястра і каханая дзяўчына.

 

Бялынічане Арцём Брылёў, Арцём Скубілаў і Мікалай Лапо праходзяць тэрміновую ваенную службу ў складзе знакамітай 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, што дыслакуецца ў Мар’інай Горцы.

Служыць тут – вялікі гонар для маладых людзей. Яны расказалі, што хацелі праходзіць сваю ваенную тэрміновую службу менавіта ў гэтай славутай брыгадзе, дэвіз якой: “У любым месцы, у любы час, любыя задачы!”

Сюды прызываюцца толькі тыя, хто здольны пераадольваць вялікія фізічныя нагрузкі, валодае высокімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі. І мара бялыніцкіх юнакоў збылася.

15 снежня навабранцы Арцём Брылёў, Арцём Скубілаў, Мікалай Лапо ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі Ваенную прысягу, пакляўшыся верна служыць роднай краіне.

Матэрыял падрыхтавалі  

        Міхась КАРПЕЧАНКА,

             Марыя ШУТ,

             Марыя ПАРАШКОВА.

 

Print Friendly, PDF & Email