Шляхамі жыцця і творчасці

У раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася персанальная выстава карцін Наталлі МУРАЎЁВАЙ “Шляхі-дарогі”.

Маладая мастачка нарадзілася ў Оршы. Яна скончыла мастацкую школу ў родным горадзе і Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж па спецыяльнасці “графічны дызайн”. Сёлета Наталля Мураўёва стала выпускніцай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

На выставе бялынічане могуць убачыць 74 карціны маладой мастачкі, напісаныя алеем. Усяго ў яе калекцыі налічваецца больш за 100 работ – ад маленькіх пейзажаў да палотнаў памерам 2 на 2 метры. Карціны, што экспануюцца ў музеі, аб’яднаныя адной ідэяй – яны дазваляюць гледачам прайсці жыццёвымі шляхамі іх аўтара, наведаць тыя мясціны, што выклікалі ў Наталлі незабыўныя ўражанні.

Экспазіцыю можна падзяліць на тры ўмоўныя блокі. Першы прадстаўлены пейзажамі, напісанымі ў наваколлі нашага горада. І гэта не выпадкова. Адсюль карані мастачкі: у Бялынічах вырас яе бацька, тут жывуць бабуля і дзядзька. Дзяўчына часта прыязджае да іх у госці і піша карціны, каб зафіксаваць на палатне знаёмыя мясціны, з якімі звязаны яе дзіцячыя ўспаміны.

Пасля паездак у госці да брата, які жыве ў Мурманску, нараджаюцца на свет творы, натхнёныя суровай паўночнай прыгажосцю. Наталля ўпэўнена, што ў кожнага месца ёсць свая непаўторная аўра. Трэба толькі здолець яе адчуць і перадаць з дапамогай фарбаў.

Асобную старонку ў яе творчасці займае адлюстраванне сакральнай архітэктуры. З гэтых карцін на гледачоў глядзяць закінутыя старыя цэрквы і старажытныя храмы Расіі, якія адноўлены або знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі, велічны ансамбль і асобныя пабудовы Салавецкага манастыра. Адправіцца ў падарожжа на Салавецкія астравы ў Белым моры яе падштурхнула кніга Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ” – настолькі моцнымі аказаліся ўражанні ад прачытанага!

Многія палотны на выставе маюць яркія колеры і насычаныя фарбы, сакавітыя мазкі пэндзля надаюць ім прыкметную рэльефнасць. Таму жывапіс Наталлі Мураўёвай максімальна ўздзейнічае на гледача. Варта толькі ўвайсці ў залу з карцінамі, як выразна пачынаеш адчуваць святло, якое сыходзіць ад іх…

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email