У фармаце даверу і адкрытага дыялогу

Традыцыйна напрыканцы года ў РЦК праходзіць сустрэча кіраўніцтва раёна, вядучых арганізацый і прадпрыемстваў з маладымі спецыялістамі, якія свае першыя працоўныя месцы атрымалі на Бялыніччынне.

На мерапрыемства завіталі старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, яго намеснікі Ірына ФУРСАВА і Дзмітрый ДАВЫДАЎ, начальнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Вольга ТАРАН, аддзелаў арганізацыйна-кадравай работы – Алена ЯРМОЛЕНКА, па адукацыі – Жанна ЗВЯГІНА, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – Іна ІГНАТОВІЧ, галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг               № 701 філіяла № 700-МАУ ААТ “ААБ Беларусбанк” Андрэй САЛАНІНКА, адказныя за ідэалагічную работу СВК “Калгас “Радзіма”, ПМК-241 і ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”.

Размова з моладдзю праходзіла ў папулярным фармаце адкрытага дыялогу. Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў заклікаў маладых спецыялістаў не саромецца, задаваць усе хвалюючыя іх пытанні. Таксама ён паведаміў, што кожны год у наш раён прыязджаюць па размеркаванні крыху больш за 100 чалавек, а замацоўваюцца пасля абавязковай адпрацоўкі каля 60 % іх, у сферы АПК – да 80 %.

– У раёне створаны добрыя ўмовы для таго, каб затрымацца. Тым больш, кіраўнік нашай дзяржавы асаблівую ўвагу ўдзяляе маладзёжнай палітыцы, бо моладзь – наша будучыня, – дадаў старшыня райвыканкама.

За той час, што маладыя людзі ўжо адпрацавалі, яны паспелі ўліцца ў працоўныя калектывы сваіх арганізацый, адаптавацца да ўмоў працы, атрымаць карысныя парады ад сваіх настаўнікаў. Прыёмам і адносінам з боку кіраўніцтва былі задаволены ўсе маладыя спецыялісты, аб чым яны не прамінулі паведаміць прадстаўнікам раённай улады.

Шмат пытанняў узнікла да дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг № 701 ААТ “ААБ Беларусбанк” Андрэя Саланінкі. Моладзь цікавілі пытанні льготнага  крэдытавання па Указе № 631, выдача крэдытаў на будаўніцтва жылля для маладых сем’яў.

Гутарку падтрымаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Давыдаў, які  паінфармаваў маладых спецыялістаў аб тым, як можна атрымаць у Бялынічах зямельны ўчастак для будаўніцтва ўласнага дома ці стаць у чаргу на будаўніцтва кватэры.

Маладыя педагогі запыталіся аб магчымасці арганізацыі дадатковага рэйсу гарадскога аўтобуса, бо працоўны дзень у іх заканчваецца а 18-й гадзіне і, каб дабрацца дадому, прыходзіцца не адзін кіламетр адольваць пехатой па холадзе.

– Мы перагледзім расклад руху аўтобусаў, і калі гэта будзе мэтазгодна, аўтобус не будзе ездзіць без пасажыраў, абавязкова ўвядзём позні рэйс, – паабяцаў старшыня райвыканкама.

Майстар ПМК-241 Уладзіслаў БЕЛЬСКІ паскардзіўся на адсутнасць у Бялынічах рэгулярных дыскатэк.

– Тыя, што праводзяцца ў РЦК, хіба што для школьнікаў. Мы з сябрамі з задавальненнем наведваем ФАК “Друць”, кінатэатр, але патанцаваць няма дзе, – дадаў малады чалавек.

– Сапраўды, ёсць шмат магчымасцей арганізаваць дыскатэкі на пастаяннай аснове, запрасіць дыджэяў з начных клубаў абласнога цэнтра, – пагадзілася з ім намеснік старшыні райвыканкама Ірына Фурсава. – Але ці кожны гатовы выкласці 10-15 рублёў за такую дыскатэку? Пасля насычанага падзеямі жыцця ў вялікіх гарадах у нашых Бялынічах і сапраўды выбар забаў для моладзі не вельмі вялікі. Але культурнае жыццё не заціхае. Столькі ладзіцца цікавых мерапрыемстваў! Толькі наведвайце! Калі ёсць жаданне, прапануйце свае ідэі, мы абавязкова да іх прыслухаемся.

Уладзіслаў Бельскі выказаў прапанову зрабіць у парках нашага райцэнтра больш забаў для дзяцей: горак, малых архітэктурных форм, каб малым было цікавей бавіць час на свежым паветры. Гэту ідэю прадстаўнікі ўлады ўхвалілі і прапанавалі маладым людзям паўдзельнічаць у яе рэалізацыі.

Супрацоўнікі РЦК арганізавалі для маладых спецыялістаў “салодкі” стол і правялі з імі папулярную гульню “Кракадзіл”, артысты РЦК парадавалі ўдзельнікаў мерапрыемства прыгожымі канцэртнымі нумарамі.



Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

      

Print Friendly, PDF & Email