З 1 па 9 снежня праваахоўнікі склалі 10 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 1 па 9 снежня праваахоўнікі склалі 10 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 6, дробнае хуліганства – 2, сямейны скандал – 2.

Вось дык жарсці! 2 снежня ў РАУС паступіла паведамленне аб тым, што жыхар Галоўчына пабіў сваю падчарку і хацеў яе задушыць. Праваахоўнікі ўзбудзілі крымінальную справу. А праз два дні ў міліцыю патэлефанаваў аднавясковец сямейнага тырана і паведаміў, што той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Тупік. Звёў рахункі з жыццём жыхар вёскі Вялікі Кудзін. Аб гэтым праваахоўнікам паведаміла яго аднавяскоўка.

Брат на брата. Жыхар Карытніцы паскардзіўся міліцыянерам на брата, які ў стане алкагольнага ап’янення выказваў яму пагрозы. Праваахоўнікі супакоілі дэбашыра адміністрацыйным пратаколам.

Як у сябе дома. Бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што ў калідоры яе дома спіць невядомы нецвярозы мужчына. Міліцыянеры разбудзілі нечаканага госця і склалі на яго адміністрацыйны пратакол.

Варта не спіць. Але п’е. 8 снежня ў дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што вартаўнік ААТ “ПМК-83 Вадбуд” знаходзіцца на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Праверку праводзіць ААПП.

Падняў руку на жонку. 9 снежня ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ паступіла бялынічанка з дыягназам: “закрыты пнеўматаракс”. Цяжкае цялеснае пашкоджанне ёй нанёс муж. Узбуджана крымінальная справа.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email