Павесяліліся самі і парадавалі гасцей

З Навагодняга ранішніка, які 21 снежня прайшоў у Цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, на Бялыніччыне распачалася актыўная фаза традыцыйнай акцыі “Нашы дзеці”.

У госці да выхаванцаў цэнтра завіталі, канечне ж, з цудоўнымі падарункамі і Навагоднімі віншаваннямі старшыні: райвыканкама – Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ, раённага Савета дэпутатаў – Андрэй ГАНЧУК, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна ЗВЯГІНА, прадстаўнікі калектываў ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы”, ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, з Магілёва – ПВГУП “Альфазварка” і іншыя.

Дырэктар цэнтра Інэса УСАВА распавяла карэспандэнту “Зары над Друццю” аб той вялікай і значнай дапамозе, якую вось ужо на працягу многіх гадоў аказваюць установе, дзе выхоўваюцца асаблівыя дзеці, раённая ўлада, калектывы лясгаса, ПВГУП “Альфазварка”, ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы” і іншыя неабыякавыя людзі. Дзякуючы ім у памяшканні цэнтра, напрыклад, заменены вокны і дзверы, папаўняецца колькасць офіснага абсталявання і мэблі, абноўлены санітарны вузел, на тэрыторыі ўстаноўлена альтанка, пашыты халаты для работнікаў і выхаванцаў, якія тыя выкарыстоўваюць падчас работ па навядзенні парадку, пры выкананні практычных заданняў…

Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў, віншуючы выхаванцаў і работнікаў Цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі з Навагоднімі святамі, пажадаў ім моцнага здароўя, поспехаў і ўручыў сертыфікат на каштоўны падарунак. Анатоль Леанідавіч таксама выказаў падзяку ўсім калектывам, індывідуальным прадпрымальнікам, якія не стамляюцца аказваць установе спонсарскую дапамогу і тым самым уносяць асабісты ўклад у рэабілітацыю і жыццёвую адаптацыю асаблівых дзетак, паказваюць уласны прыклад дабрыні і міласэрнасці, неабыякавасці.

Ад імя дэпутацкага корпуса раёна каштоўны падарунак Цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі ўручыў старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Ганчук. Свае Навагоднія падарункі выхаванцам установы перадалі таксама дырэктар ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы” Святлана ГАЛАНАВА, прадстаўнік ПВГУП “Альфазварка” Антон ТАРАСАЎ, старшыня прафкама лясгаса Наталля КОЗЫРАВА.

Задаволеныя дзеткі вадзілі карагод, актыўна адказвалі на пытанні казачных герояў Машы і Мядзведзя, Дзеда Мароза і Снягуркі, чыталі вершы і танцавалі, чым вельмі парадавалі сваіх бацькоў, выхавацеляў, настаўнікаў і гасцей.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email