Як стаць афіцэрам

У СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага і СШ № 2 прайшлі прафарыентацыйныя мерапрыемствы, мэтай якіх стала прыцягненне ўвагі старшакласнікаў да афіцэрскай прафесіі.

Перад вучнямі 10 і 11 класаў выступілі старшы выкладчык кафедры кіравання ракетнымі ўдарамі і агнём артылерыі Ваеннай акадэміі Беларусі Віталь ІЛЬЁЎ і старшы памочнік начальніка аддзела ідэалагічнай работы 36-й дарожна-маставой брыгады Дэпартамента транспартных войск Аляксей ЖУКОЎСКІ.

Віталь Ільёў распавёў школьнікам аб ваенных спецыяльнасцях, якія можна атрымаць на сямі факультэтах установы, агучыў патрабаванні да будучых курсантаў. Напрыклад, для вучобы на агульнавайсковым факультэце неабходна цікавіцца тэхнікай, на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання – ведаць камп’ютарныя праграмы, ваеннай разведкі – мець выдатную фізічную падрыхтоўку і валодаць замежнымі мовамі. Прычым, многія спецыяльнасці, атрыманыя ў ваеннай ВНУ, запатрабаваны і ў грамадзянскай сферы.

– У Ваеннай акадэміі створаны ўсе ўмовы, каб вы сталі высокаадукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі, – падкрэсліў Віталь Георгіевіч. – Заняткі з курсантамі праводзяць высокакваліфікаваныя выкладчыкі. На практычную падрыхтоўку адводзіцца каля 60% вучэбнага часу. Для развіцця практычных навыкаў пры вывучэнні ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў Ваеннай акадэміі інтэнсіўна выкарыстоўваюцца трэнажоры, праводзяцца стрэльбы і манеўры на Асіповіцкім палігоне. Падчас навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі вадзіцеля катэгорыі “С” з атрыманнем вадзіцельскіх пасведчанняў.

Аляксей Жукоўскі пазнаёміў прысутных са спецыфікай службы ў транспартных войсках, іх структурай (аўтамабільнымі і чыгуначнымі падраздзяленнямі) і шырокімі функцыямі ад дастаўкі асабовага складу, боепрыпасаў, харчавання і паліва да ўзвядзення часовых перапраў праз рэкі.

Рабяты таксама паглядзелі відэаролікі “Урок мужнасці”, прысвечаны Узброеным Сілам Беларусі, і аб 36-й дарожна-маставой брыгадзе.

Каментарый ваеннага камісара Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў Мікалая ГАМОЛКІ:

– Варта нагадаць абітурыентам алгарытм дзеянняў пры паступленні ў ваенныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў. Заканадаўствам устаноўлены ўзрост для паступлення: для грамадзянскай моладзі – ад 17 да 21 года, ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы – да 23, ваеннаслужачых кантрактнай службы – да 25 гадоў. Да 1 красавіка года паступлення неабходна звярнуцца ў ваенны камісарыят раёна і прайсці папярэдні прафесійны адбор, які ўключае ў сябе ацэнку стану здароўя, узроўню фізічнай падрыхтоўкі і індывідуальна-псіхалагічных якасцей. Затым да 30 мая праходзіць канчатковы прафесійны адбор кандыдатаў камісіяй ваенных камісарыятаў абласцей у Мінску. І, нарэшце, пасля паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання неабходна прыбыць у выбраную навучальную ўстанову. Паступленне ў ваенныя ўстановы адукацыі Расійскай Федэрацыі ажыццяўляецца на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email