Узнялі настрой напярэдадні свята

У рамках трэцяга этапа рэспубліканскай акцыі МНС “Бяспечны Новы год” ратавальнікі арганізавалі прафілактычную сустрэчу з пацыентамі дзіцячага аддзялення ЦРБ.
У ёй прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзіліся на стацыянарным лячэнні.
Напярэдадні Новага года інспектар ГПіУГ РАНС Кацярына ЛЮБІВАЯ нагадала непаўналетнім, што без дазволу і прысутнасці бацькоў катэгарычна забараняецца самастойна запускаць салют і піратэхніку, таму што гэта вельмі небяспечна. Нягледзячы на тое, што піратэхнічныя вырабы прадаюць асобам, якія дасягнулі пятнаццаці гадоў, запускаць салюты і запальваць піратэхніку можна толькі паўналетнім.
– Памятайце, у адваротным выпадку за вас будуць несці адказнасць вашы бацькі, – звярнула ўвагу прысутных інспектар РАНС і прывяла некалькі падобных прыкладаў.
З-за таго, што на вуліцы ўсталявалася халоднае надвор’е, а значыць, з’явілася рызыка абмаражэння, інспектар паўтарыла з дзецьмі, як абараніць сябе ад марозу.
У гульнёвай форме рабяты адказвалі на розныя пытанні, з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах. За правільныя адказы і перамогу дзеці атрымлівалі падарункі ад МНС і РК ГА “БРСМ”: прысмакі, кубкі з сімволікай, канцылярскія прыналежнасці, размалёўкі, наклейкі, кніжкі і іншыя.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.