У першую нядзелю студзеня адзначаюць сваё прафесійнае свята фінансавыя работнікі раёна

У першую нядзелю студзеня адзначаюць сваё прафесійнае свята фінансавыя работнікі раёна.

На ўсіх гістарычных этапах станаўлення і развіцця фінансавай сістэмы ключавым элементам былі і застаюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналізм і вопыт якіх спрыяюць умацаванню і развіццю фінансавай сферы.

Напэўна, не кожны заўважае іх працу, а некаторыя, можа, і не ведаюць усёй яе сутнасці. А на самой справе яны праводзяць карпатлівую працу па своечасовым і поўным паступленні даходаў у бюджэт, займаюцца размеркаваннем фінансавых рэсурсаў, ажыццяўляюць кантроль за мэтавым і эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў і інш.

За векавую гісторыю, па словах начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Сяргея ІЛЬЧУКА, змянілася не адно пакаленне фінансістаў, але ўсіх іх аб’ядноўваюць традыцыі, якія закладваліся былымі работнікамі. А ў гэтым, вядома ж, вялікая заслуга тых, хто ў свой час узначальваў аддзел. Цімафей ЧУПРЫНСКІ, Елісей МЕЛЬНІКАЎ, Анісім БАЙ, Васіль МАРДАЧОЎ, Пётр СІДАРАЎ, Іван САЗАНОВІЧ, Уладзімір УРУПІН, Васіль ДРУГАКОЎ і Віктар РЖЭУЦКІ ўмелі згуртаваць калектыў.

– Сёння ў фінансавым аддзеле працуюць шэсць спецыялістаў, у якіх атрымліваецца спалучаць свае тэарэтычныя веды з практычным вопытам. Таму яны здольныя ў складаных эканамічных сітуацыях прадбачыць перспектыву, знайсці правільнае рашэнне, – расказаў Сяргей Ільчук.

Больш за трыццаць гадоў шчыруе галоўны бухгалтар Таццяна ГРАЧЫХІНА. Шматгадовы вопыт працы ў фінансавай сферы і ў намесніка начальніка Таццяны ШУТ, галоўнага спецыяліста Святланы ТКАЧОВАЙ. Крыху менш працуюць галоўны спецыяліст Ірына ЦЫБУЛЬСКАЯ, вядучы бухгалтар Таццяна БУРКО, а з нядаўняга часу і Вольга МЕЛЬНІКАВА.

– Працу фінансіста простай не назавеш, – адзначае Сяргей Фёдаравіч. – Трэба пралічваць усё да дробязяў, каб ні ў якім разе не памыліцца. Мы працуем з лічбамі, а яны не церпяць недакладнасцей. Часам прыходзіцца сутыкацца са складанымі сітуацыямі, якія патрабуюць ад работнікаў напружанай працы. Але, тым не менш, гэта дадае нам пэўнага прафесійнага і жыццёвага вопыту.

Напярэдадні прафесійнага свята словы падзякі начальнік райфінаддзела адрасаваў ветэранам працы, якія доўгі час аддавалі свае сілы і веды дзеля фінансавай стабільнасці раёна. Марыя ДЗЕНГАЛЁВА, Надзея ХАЛАДЦОВА, Валянціна МАКСІМАВА, Ірына БЕЛАЯ не адзін дзясятак гадоў працавалі ў фінансавай сістэме і перадалі свой вопыт цяперашнім работнікам.

У цесным супрацоўніцтве з работнікамі фінаддзела робяць сваю прафесійную справу начальнік сектара па Бялыніцкім раёне ўпраўлення дзяржаўнага казначэйства Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, якое, дарэчы, сёлета адзначае 25-гадовы юбілей з даты ўтварэння, Святлана ЛАПО і вядучы эканаміст Валянціна БРЫЛЬ, інжынер-праграміст інфармацыйна-вылічальнага цэнтра Мінфіна Анатоль ДУДКІН.

– Год толькі пачаўся, а гэта значыць, што перад работнікамі аддзела стаіць шмат задач, якія будзем разам вырашаць на працягу 2019 года, – распавёў Сяргей Ільчук. – Таму хочацца пажадаць кожнаму творчых падыходаў, ініцыятывы і настойлівасці ў працы, якія дапамогуць дасягнуць новых працоўных здзяйсненняў і стануць залогам стабільнасці і дабрабыту.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email