З 10 снежня па 2 студзеня праваахоўнікі склалі 57 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 10 снежня па 2 студзеня праваахоўнікі склалі 57 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 27, дробнае хуліганства – 6, сямейны скандал – 18, дробны крадзёж – 2, непадпарадкаванне – 3, ілжывы выклік – 1.

Рамантыкі не атрымалася. Адміністратар гасцініцы “Белыя ночы” паскардзілася праваахоўнікам на нецвярозага мужчыну, які ў грубай форме патрабаваў засяліць яго ў гасцініцу і прапусціць у нумар дзяўчыну.

Адпачываў…на дарозе. Жанчына патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што на краі праезнай часткі дарогі паблізу в. Навасёлкі Ланькаўскага сельсавета ляжыць нецвярозы мужчына. Адміністрацыйны пратакол, выдадзены праваахоўнікамі, прымусіў яго стаць на ногі.

І як будавацца? Бялынічанін патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што невядомы скраў з недабудаванага дома яго знаёмага электраінструменты. Праверку праводзіць РАСК.

Танна не значыць законна. Прадпрымальніца з Бялынічаў патэлефанавала ў міліцыю і паскардзілася на пакупнікоў, якія пераклеілі цэннік на дзіцячую цацку і набылі яе па меншым кошце. Махінатары атрымалі адміністрацыйны пратакол.

Ну і ну! Бялынічанка пусціла ў дом незнаёмую жанчыну, а тая ўдарыла яе нажом у шыю. Узбуджана крымінальная справа.

Зноў гоняць. У жыхаркі в. Асавец праваахоўнікі знайшлі 25 літраў вадкасці з пахам самагоннай брагі. Праверку праводзіць ААПП.

Вось дык адсвяткавала! 25 снежня а палове 17-й гадзіны ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ шпіталізавана жанчына ў стане моцнага алкагольнага ап’янення са шматлікімі ранамі галавы і сатрасеннем галаўнога мозгу. Праверку праводзіць РАСК.

Падмануў. Жыхарка аг. Галоўчын паскардзілася на знаёмага, які збыў ёй сувенірныя долары ЗША. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.

Распускаюць кулакі. Занадта рана пачалі адзначаць навагоднія святы двое жыхароў Вішова. 28 снежня, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, яны пабілі ўласных мацярок. Адна жанчына абышлася спалохам, а другая з траўмамі шпіталізавана ў ЦРБ. Супрацоўнікі ААПП РАУС праводзяць праверку.

Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email