
У намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” ў заключным этапе трэцяга абласнога фестывалю-конкурсу маладых педагогаў “Прызванне – педагог”, які напрыканцы мінулага года прайшоў у Магілёве, лепшым стаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Сяргей ЛІСТАПАД.
Фестываль праводзіўся ў два этапы. Для ўдзелу ў першым 105 педагогаў Магілёўшчыны прадставілі ў абласны інстытут развіцця адукацыі свае відэаўрокі ў васьмі намінацыях. Дарэчы, у намінацыі Сяргея Лістапада было чатырнаццаць канкурэнтаў. Але гэта не перашкодзіла маладому настаўніку раскрыць перад членамі журы свае прафесійныя і асабістыя якасці.
За дасягнутыя поспехі ў прафесійнай дзейнасці і выніковы ўдзел у абласным фестывалі-конкурсе галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама ўзнагародзіла маладога педагога Ганаровай граматай.
– Сяргей Пятровіч працуе ў школе другі год, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага Галіна АЛЯНЮК. – За гэты час ён зарэкамендаваў сябе добрым педагогам, здолеў знайсці падыход да вучняў, зацікавіць іх вывучэннем тых прадметаў, якія выкладае.
Сам жа малады настаўнік сцвярджае, што выбраў прафесію па душы. Нягледзячы на напружаны графік, ён прымае ўдзел практычна ва ўсіх конкурсах, мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе, і ў большасці выпадкаў атрымлівае перамогу. Так адбылося і на гэты раз.
На раённым этапе конкурсу, які праводзіўся раней з мэтай вызначэння кандыдата для ўдзелу ў абласным, Сяргею Лістападу не было роўных. А ўсё таму, што акрамя ўласнага імкнення да перамогі, яго падтрымліваюць калегі.
Па словах Галіны Алянюк, ва ўстанове адукацыі створана творчая група пад яе кіраўніцтвам, у склад якой сёлета ўвайшлі настаўнікі Алеся БУНАКОВА, Наталля КАМІНСКАЯ, Дзіяна МЕДЗВЯДЗЁВА, Аксана ЛЫЧКОЎСКАЯ, Вікторыя РАМАНОВІЧ і Галіна РАМЕСЛЕННІКАВА. У цесным супрацоўніцтве група падрыхтавала відэаўрок, міні-ўрок і самапрадстаўленне.
– Дзякуючы згуртаванай працы маладыя настаўнікі нашай школы трэці год годна прадстаўляюць раён на абласным этапе, – падкрэсліла Галіна Алянюк.
Марыя ШУТ.
Фота з архіва СШ № 1
імя М. І. Пашкоўскага.