Малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля БЕЛЯГОВА другі год працуе ў Цяхцінскім ВПК ДС СШ

Малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля БЕЛЯГОВА другі год працуе ў Цяхцінскім ВПК ДС СШ. Чым сёння прываблівае прафесія і якое яно, вясковае шчасце? Аб гэтым даведалася карэспандэнт райгазеты.

Дзяцінства Наталлі прайшло ў вёсцы Грыбава Слабада Кіраўскага раёна. Туды бацькі пераехалі з Магілёва, калі набылі ўласны дом.

– Прыемна ўспамінаць, як мы жылі на прыродзе, каля лесу, – распавядае Наталля. – Але наша вёска была невялікая, і кожны год у школу прыходзіла ўсе менш дзяцей. Аднойчы маці сказала, што ў наступным годзе школу закрыюць. Прыйшлося пераехаць             у Магілёў, каб вучыцца далей.

Пераезд даўся дзяўчыне нялёгка. Да 5 “Д” класа СШ № 37 прывыкла не адразу, аднак усё ж знайшла агульную мову з аднагодкамі. У Грыбавай Слабадзе выкладалі на беларускай, а ў магілёўскай школе – на рускай мове, што таксама было для яе непрывычна.

– Але любоў да роднай мовы не прайшла, – адзначае Наталля Белягова. – Мая настаўніца Таццяна Паўлаўна ІВАНОВА была сапраўдным аўтарытэтам, бо не проста выкладала беларускую мову і літаратуру, а рабіла гэта з гонарам і любоўю да свайго прадмета. Яна ўмела зацікавіць нават самых абыякавых вучняў. У многім дзякуючы ёй і я вырашыла стаць настаўнікам.

Пасля заканчэння МДУ імя А. А. Куляшова Наталля па размеркаванні працуе ў Цяхцінскай школе. Па хадайніцтве аддзела па адукацыі райвыканкама атрымала месца ў інтэрнаце, дзе жыве з сяброўкай. Умовамі дзяўчыны вельмі задаволены.

– Працаваць з дзецьмі падабаецца больш за ўсё! – кажа маладая настаўніца. – Гэта невымоўныя эмоцыі, калі адсутнічаеш на ўроку па ўважлівай прычыне, а вучні пішуць, тэлефануюць, перажываюць за цябе… І абдымаюць, калі вяртаешся на працу! Акрамя таго, я яшчэ і педагог-арганізатар, працую з малодшымі школьнікамі. Усе яны такія шчырыя, добрыя, паслухмяныя… Таму пасля адпрацоўкі па размеркаванні планую застацца ў Цяхціне, бо тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Да таго ж, у школе вельмі дружны калектыў. Дый дзеці цікавяцца маімі планамі, просяць застацца.

Наталля самастойная і актыўная дзяўчына, таму свой вольны час арганізуе сама. Любіць чытаць, хадзіць у кіно, завітвае да сяброў у Магілёў, а з тымі, хто жыве ў іншых вёсках і аграгарадках, кантактуе праз сацыяльныя сеткі. З лепшай сяброўкай нават абменьваюцца лістамі і паштоўкамі. Ёсць у яе і асаблівая мара: навучыцца катацца на каньках.

Напрыканцы размовы журналіст запыталася, якая, на погляд Наталлі, вясковая моладзь сёння:

– Яна розная, – адказвае настаўніца. – Адны жадаюць збегчы з вёскі, іншыя ж вяртаюцца да сваіх бацькоў і каранёў. Усё залежыць ад поглядаў і грамадзянскай пазіцыі. Але сярод вяскоўцаў ёсць шмат творчых, энергічных, крэатыўных людзей, якія здольныя ствараць нешта новае. І гэта – выдатна!

Алена БЫКАВА.

Фота з архіва Наталлі Беляговай.

Print Friendly, PDF & Email